У Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка адкрываюць беларускі архіў
- 8.04.2009, 16:30
У ЗША прынялі пастанову стварыць, апрацаваць і каталягізаваць збор беларускіх архіваў у Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка.
У Публічную бібліятэку, як вядома, перадала вялікую калекцыю эміграцыйнай беларусікі сям’я Кіпеляў яшчэ ў 1999 годзе, піша «Наша Ніва».
У гэтым было нешта сымбалічнае, бо менавіта ў будынку гэтай бібліятэкі часта адбываліся працоўныя спатканьні Вітаўта Тумаша, Уладыкі Васіля Тамашчыка, Антона Адамовіча, Натальлі Арсеньневай, Зоры й Вітаўта Кіпеляў, Янкі Запрудніка, Антона Шукелойця — сябраў Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Зь бібліятэкаю БІНІМ доўга й плённа супрацоўнічаў, дапамагаючы ствараць беларускі аддзел, арганізоўваючы выставы, прысьвечаныя беларускаму друку, Францішку Скарыне, Янку Купалу й Якубу Коласу.
Першая частка калекцыі — манаграфічная — была закаталягізаваная ў 2006 г., кожнае выданьне атрымала свой нумар, але тым ня менш яна захоўваецца як адзінка.
Праца над другой часткаю, што ўвабрала ў сябе эміграцыйныя пэрыёдыкі, была скончаная ў лістападзе мінулага году. Цяпер яна перахоўваецца ў 64 скрынях і мае назоў «Zora and Vitaut Kipel Collection of Belarusian Periodicals and Newspapers, 1919—2001». Неўзабаве на афіцыйнай старонцы бібліятэкі будзе выстаўлены поўны вопіс гэтай калекцыі.
Трэцяя частка, архіўная, - найбольш унікальная. Часу (і адпаведна — фінансаў) на апрацоўку яе патрабавалася болей. Ва ўмовах, калі Славянскі аддзел спыніў сваё існаваньне як асобная адзінка, калі бібліятэка вымушана зьмяняць сваю структуру й стратэгію, толькі цудам можна назваць рашэньне (пасьля адпаведных прэзэнтацый, датычных гісторыі эміграцыі) апрацаваць і каталягізаваць беларускі збор — першы з усіх славянскіх; і нават болей — улучыць туды матэрыялы, што не былі перададзеныя ў 1999 г.
Разбор архіву толькі распачаты, ягоная будучая структура тым часам канчаткова неакрэсьленая, але ўжо зараз можна вылучыць найбольшыя сэрыі.
Першая — гэта паперы ўласна БІНІМу: надзвычай багатая карэспандэнцыя (пералік усіх імёнаў заняў бы не адную газэтную старонку), навуковыя артыкулы, манускрыпты (Алеся Салаўя, Уладзімера Клішэвіча, Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца ды іншых), рукапісныя кнігі часоў лягераў DP, кнігі з аўтаграфамі, публікацыі ў замежных мовах.
Другая — архівы БНР, большую частку якіх у свой час перадаў у БІНІМ былы міністар замежных справаў БНР Аўген Калубовіч, ліставаньне, пратаколы паседжаньняў, Статуты Рады розных гадоў, Маніфэсты, Інструкцыі й Цыркуляры, паперы з архіву Янкі Чарапука‑Змагара, фінансавыя справы Рады — з архіву Віталя Кажана.
Наступныя сэрыі — архівы газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус», асабістыя архівы Антона Адамовіча, Юркі Віцьбіча, Аўгена Кавалеўскага, Янкі Юхнаўца.
Трэба вылучыць і меншыя сэрыі, у прыватнасьці, дакумэнты Акадэмічнага Таварыства, Студэнцкага Згуртаваньня ў Лювэне ды іншых арганізацыяў. Нямала ёсьць цікавых папераў, датычных царкоўных справаў.
Бясспрэчна, пэрлінамі беларусікі ў бібліятэцы стануцца два рукапісы — Янкі Купалы «Безназоўнае» і Ўладзімера Жылкі «Тастамэнт».
Пад час апрацоўкі архіву асобныя цікавыя знаходкі будуць па магчымасьці публікавацца.
Таму рашэньне пра збор у новых галінах прымаецца асьцярожна і ўзважана. І можна спадзявацца, што Публічная бібліятэка Нью-Ёрку, запачаткаваўшы цяпер архіўную беларусіку, прысьвечаную гісторыі эміграцыі, і надалей будзе зацікаўленая ў разбудове гэтай калекцыі.