BE RU EN

Актывістку апазіцыі затрымалі ў Менску за еўрапейскую сімволіку

  • 8.04.2009, 17:21

8 красавіка ў Менску была затрыманая актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алеся Ясюк. Актывістка была дастаўленая ў аддзяленне міліцыі, дзе на яе быў складзены пратакол.

Па словах барысаўскай апазіцыянеркі Алесі Ясюк, 8 красавіка яна знаходзілася ў Менску. У двары дома па вуліцы Рагачоўская, 5 жанчына развешвала сінія стужкі, што сімвалізуюць колер сцяга Еўразвяза.

Апазіцыянерку затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Алесю Ясюк даставілі ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна, дзе на яе быў складзены пратакол па артыкуле 21.14 КОАП (парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў). У актывісткі былі канфіскаваныя 300 сініх стужак, а таксама 29 налепак са словамі «Еўрапейская Беларусь». Маёр міліцыі Аляксандр Чалей заявіў жанчыне, што канфіскаваныя налепкі і стужкі ёй вернутыя не будуць.

«Стужкі – гэта знак таго, што дэмакратычная Беларусь павінна стаць чальцом Еўразвяза, -- сказала прэс-цэнтру Хартыі’97 Алеся Ясюк. -- Я не думала, што стужачкі могуць так перашкодзіць беларускім уладам».

Нагадаем, што 2 красавіка Алеся Ясюк была арыштаваная ў Менску, у так званы дзень «яднання» народаў Беларусі і Расеі.

Апазіцыянерка расклейвала постэры грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Жанчына спецыяльна прыехала ў сталіцу з Барысава, каб выказаць свой пратэст палітыцы беларускіх уладаў па збліжэнні з Расеяй.

У аддзяленні міліцыі Партызанскага раёна ў жанчыны забралі рэчы і правялі асабісты дагляд. Пасля чаго пратрымалі ноч у Партызанскім РУУС.

Апошнія навіны