Мінюст канчаткова адмовіў у рэгістрацыі Партыі БХД
- 12.05.2009, 10:41
Сустаршыні партыі называюць рашэнне ўладаў незаконным. На іх думку, Мінюст выканаў палітычную замову.
Паведамленне пра тое, што Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Партыя БХД), было апублікавана сёння на сайце Міністэрства юстыцыі Беларусі.
«Падчас вывучэнняў дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі Партыі БХД, выяўлена, што спіс заснавальнікаў і пратакол устаноўчага з'езду гэтай партыі ўтрымліваюць недакладныя звесткі. У спісе заснавальнікаў Партыі БХД пазначаныя асобы, якія не прымалі ўдзелу ў правядзенні сходаў па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з'езд Партыі БХД і ў працы самога з'езду, подпісы ў спісе заснавальнікаў партыі не ўчынялі», - патлумачылі ў Мінюсце, працягнуўшы, што «паўнамоцтвы дэлегатаў, якія прысутнічалі на ўстаноўчым з'ездзе Партыі БХД, мандатнай камісіяй належным чынам правераныя не былі, у сувязі з чым на з'ездзе прысутнічалі ў якасці дэлегатаў асобы, якія дэлегатамі на з'езд не абіраліся».
Шэраг заснавальнікаў Партыі БХД не змаглі назваць месца і дату правядзення сходаў, на якіх яны нібыта прысутнічалі, колькасць прысутных на гэтых сходах асобаў, а таксама каго яны абіралі ў якасці дэлегатаў на ўстаноўчы з'езд Партыі БХД, удакладнілі ў Мінюсце. Тут таксама адзначылі, што «выяўленыя факты ўвядзення ў зман асобаў, чые подпісы маюцца ў спісе заснавальнікаў Партыі БХД, адносна таго, пад якім дакументам яны падпісваюцца».
Сустаршыні партыі БХД рашуча аспрэчылі абвінавачванні Мінюста.
«Мы лічым рашэнне Мінюста неабгрунтаваным і надуманым. Хаця мы разумеем малаперспектыўнасць гэтага занятку, мы ўсёткі будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Але на далейшую дзейнасць БХД адмова ў рэгістрацыі не паўплывае. Нам нашмат больш важнае прызнанне беларусаў, чым беларускіх чыноўнікаў», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Аляксей Шэін.
Паводле словаў Аляксея Шэіна, падставы для нерэгістрацыі партыі БХД не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
«Асноўная прычына, якую называе Мінюст – гэта тое, што людзі нібыта не пацвердзілі свой удзел у сходах, дзе вылучалі дэлегатаў на з'езд. Шмат каго выклікалі ўжо пасля правядзення з'езду ў міліцыю, у пракуратуру, запалохвалі, і некаторыя (літаральна адзінкі з больш, чым тысячы заснавальнікаў) не заўсёды правільна маглі назваць колькасць удзельнікаў з'езду. Але ж прайшло 2 месяцы і людзі заўсёды могуць нешта наблытаць. У ранейшай адмове нам у рэгістрацыі, якая была адмененая, казалася, што мы нібыта пералічылі грошы не на той разліковы рахунак. Зараз яны зразумелі, што гэта проста смешна, і пачалі прыдумляць новыя падставы. Актывістаў партыі БХД запалохвалі, ставілі перад жорсткім выбарам: ці подпіс у якасці заснавальніка партыі ці праца. Адной жанчыне нават пагражалі забраць прыёмных дзяцей. Не было ніякага законнага высвятлення абставінаў правядзення з'езду. Была кампанія запалохвання, і была задача – не рэгістраваць партыю БХД», -- заявіў Аляксей Шэін.