Імпарту паставілі «заслону»: Норма бязпошліннага ўвозу знізіцца да 200 еўра у хуткім часе
- 12.05.2009, 12:21
Аказваецца, прымежны бізнэс пагражае лёгкай прамысловасці Беларусі.
Пра гэта заявіў на сустрэчы з журналістамі ў Менску старшыня ДМК Беларусі Аляксандр Шпілеўскі.
«200 еўра - гэта норма, якая існуе ў сумежных дзяржавах, напрыклад, ва Украіне. Мы лічым, што гэта палепшыць эканоміку нашай краіны», - заявіў Шпілеўскі.
Кіраўнік ДМК таксама адзначыў, што прымежны бізнэс па ўвозе тавараў пагражае лёгкай прамысловасці Беларусі. У гэтай сувязі беларускія мытнікі выступаюць за тое, каб норма бязпошліннага ўвозу была зніжаная да 200 еўра ў самы найбліжэйшы час.
Раней паведамлялася, што Дзяржаўны мытны камітэт падрыхтаваў праект дакумента, які змяняе парадак бязпошліннага ўвозу тавараў.
«Мы прапануем знізіць норму бязпошліннага ўвозу з 1 тысячы еўра да 200, пазначыўшы, што да турыстаў і тых, хто адпачывае, мы не маем ніякіх прэтэнзіяў і будзем ставіцца максімальна лаяльна, - заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк.
Праўда, гэтая мера не будзе распаўсюджвацца на асабістыя рэчы, якія, вы, напрыклад, узялі з сабой у адпачынак.
«Калі турыст выязджае на адпачынак і бярэ з сабой лічбавую камеру коштам каля 500 еўра, дык пры вывазе яе з краіны неабходна будзе пазначыць наяўнасць камеры ў дэкларацыі і пры ўездзе мытную пошліну не плаціць. Але калі грамадзянін набыў гэтую камеру за мяжой і яе кошт перавышае 200 еўра, дык яму прыйдзецца здзейсніць мытную ачыстку», - патлумачыў чыноўнік.