Арганізатара страйку будаўнікоў не адновяць на працоўным месцы
- 12.05.2009, 14:57
Сёньня Кастрычніцкі суд Магілёва не задаволіў скаргу актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага, працаўніка акцыянэрнага таварыства «Лаўсанбуд» Мікалая Расюка.
Нагодай для звароту ў суд стаўся перавод актывіста на працу з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён у вёску Дужаўка, перадае «Радыё Свабода».
Прысуд Мікалай Расюк і ягоны прадстаўнік на судзе, юрыст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргей Фамін лічаць неабгрунтаваным і будуць яго абскарджваць.
«Судзьдзя Тацяна Карапецян абгрунтавала сваё рашэньне спэцыфікай будаўнічай галіны. Паводле яе, будаўнічыя аб’екты могуць разьмяшчацца ў розных раёнах вобласьці й кіраўніцтва само прымае рашэньне аб перасоўваньні сваіх працаўнікоў у залежнасьці ад вытворчай патрэбы. У такім разе любыя праявы беззаконьня можна сьпісаць на спэцыфіку. У заканадаўстве не прапісана ні пра якую спэцыфіку. Няма згадак пра яе і ў працоўнай дамове Расюка з наймальнікам», — так камэнтуе вырак суду Сяргей Фамін.
Акрамя скасаваньня загаду, Мікалай Расюк дамагаўся праз суд, каб адміністрацыя прадпрыемства залічвала ў працоўны час праезд да месца працы, а час, перапрацаваны дагэтуль, быў кампэнсаваны выхаднымі днямі.
Перавод з Магілёва ў Чавускі раён Мікалай Расюк зьвязвае зь леташняй лістападаўскай акцыяй пратэсту працаўнікоў будаўнічай управы № 129 «Лаўсанбуду». 28 лістапада ён стаў ініцыятарам гадзіннага страйку, нагодай для якога сталася затрымка заробку. Праз два дні пасьля забастоўкі, першага сьнежня, Расюка азнаёмілі з загадам аб пераводзе на іншы аб’ект.