BE RU EN

Мікола Дземідзенка: «Улады зноў дэманструюць сваё звярынае аблічча»

  • 14.05.2009, 20:47

Актывіст «Маладога фронту», які ўжо 10 дзён трымае галадоўку салідарнасці, пракаментаваў разгон акцыі 14 траўня.

14 траўня Мікола Дземідзенка прыняў удзел у акцыі «Маладога фронту» «За незалежнасць!».

«Мне цяжка сказаць, чаму ўлады павялі сябе такім чынам, -- сказаў Мікола Дземідзенка ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. -- Але яны ўжо не ў першы раз дэманструюць сваё звярынае аблічча. Я думаю, што падчас эканамічнага крызісу, у цяжкі час, калі ўлады спрабуюць дамаўляцца з Еўропай, яны адначасова хочуць паказаць, хто ў краіне гаспадар, і таму так брутальна паводзяць сябе з моладдзю. Гэта паказала і нашая акцыя 14 лютага, пацвердзіла гэта і сённяшняя акцыя. І калі 14 лютага нашыя актывісты хаця б змаглі дайсці да плошчы, дык сёння гэтага проста не далі зрабіць. Я не ведаю, колькі зараз актывістаў «Маладога фронту» знаходзяцца ў аддзяленнях міліцыі, але думаю, што шмат».

Падчас акцыі «За незалежнасць!» супрацоўнікі АМАПа з асаблівай нянавісцю вырывалі з рук моладзі бел-чырвона-белыя сцягі.

«Можа, амапаўцам паказваюць нейкія спецыяльныя фільмы. Можа, яны праходзяць псіхалагічную апрацоўку. Але на самой справе, на нацыянальную сімволіку яны рэагуюць неадэкватна», -- лічыць лідэр «Маладога фронту».

Пасля акцыі «За незалежнасць!» Мікола Дземідзенка збіраецца працягнуць галадоўку салідарнасці з лідэрамі прадпрымальнікаў Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавымі Уладзімірам Асіпенкам.

«Адчуваю сябе даволі дрэнна, але гэта мне не перашкаджае ўдзельнічаць у акцыях, -- заяўляе моладзевы лідэр. -- Сёння я вяртаюся ў офіс БНФ, дзе мы будзем працягваць галадоўку».

Нагадаем, што сёння ў Менску была жорстка разагнаная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да 14-й гадавіны рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенні двухмоўя.

Удзельнікаў акцыі «За незалежнасць!» у шчыльным коле трымалі супрацоўнікі АМАПа. Амапаўцы трымалі людзей у ачапленні больш за гадзіну, не дазволіўшы актывістам апазіцыі правесці мірнае шэсце да плошчы Незалежнасці.

Апошнія навіны