Акцыя «Еўрапейскай Беларусі» каля турмы на Валадарскага (Фота, відэа)
- 16.05.2009, 20:07
Удзельнікі акцыі змаглі праз мегафон звярнуцца да палітвязняў: «Мы будзем змагацца за вашу свабоду!».
Увечары 16 мая актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» сталі каля ўваходу ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага, разгарнуўшы транспарант «Свабоду палітвязням!». Апазіцыянеры трымалі партрэты арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі і ўзнялі нацыянальны і еўрапейскі сцягі.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель звярнуўся праз мегафон да прадпрымальнікаў, якія ўтрымліваюцца ў турме:
«Ведайце, што за вас і вашу свабоду змагаюцца ўсе дэмакратычныя арганізацыі Беларусі. Ведайце, што пра вашую галадоўку вядома не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. «Еўрапейская Беларусь» ганарыцца вамі, Уладзімір Асіпенка, Юрый Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч!».
Удзельнікі акцыі таксама гучна скандавалі «Свабоду палітвязням!» і «Жыве Беларусь!».
Супрацоўнікі міліцыі прыехалі праз 15 хвілін, але нікога затрымоўваць не сталі.
Нагадаем, што адзін з палітвязняў, Мікалай Аўтуховіч, ужо месяц трымае ў ізалятары галадоўку пратэсту. Ён патрабуе ў найкароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць яму, а таксама падследным па гэтай справе Ўладзіміру Асіпенку і Юрыю Лявонаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.