У крызіс беларусы сталі больш піць
- 18.05.2009, 10:10
У студзені—красавіку 2009 года доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту Беларусі склала 12%.
На спажывецкім рынку было рэалізавана алкагольнай прадукцыі і піва на 1 трлн. 439,4 млрд. рублёў, паведамляе БелаПАН.
Продаж гарэлкі павялічыўся на 4,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года (да 3 млн. 550,3 тыс. дал). Ейная доля ў агульным аб'ёме спажывання алкаголю склала 49,4% (летась — 47,1%).
Піва прададзена 7 млн. 173,9 тыс. дал, што на 4,8% больш, чым у студзені—красавіку 2008 года. Ягоная доля ў агульным аб'ёме спажывання алкаголю склала 10% (за такі ж перыяд 2008 года — 9,5%).
Лікёра-гарэлкавых вырабаў рэалізавана 378,2 тыс. дал (на 14,3% больш), вінаградных він — 751 тыс. дал (на 5,2% менш), пладовых він — 4 млн. 796,8 тыс. дал (на 9,6% менш). Пладовыя віны занялі 30% у аб'ёме продажаў алкагольнай прадукцыі (у студзені—красавіку 2008 года — 33%).
Каньяку і брэндзі прададзена 70,6 тыс. дал (на 13,4% менш), ігрыстых він і шампанскага — 324,1 тыс. дал (на 1,7% больш), слабаалкагольных напояў — 410,6 тыс. дал (на 4,8% больш).