BE RU EN

Пракуратура адмовілася разглядаць скаргу апазіцыянера, арыштаванага падчас разгону акцыі салідарнасці

  • 18.05.2009, 15:51

Намеснік старшыні менскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі быў затрыманы 7 траўня пасля акцыі ў памяць аб зніклых беларускіх палітыках.

Як распавёў Вадзім Канапацкі ў інтэрв'ю БелаПАН, ён атрымаў адмову з пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска на разгляд яго скаргі на затрыманне. Пракуратура перанакіравала скаргу ва УУС Цэнтральнага раёна сталіцы.

7 траўня, у дзень 10-й гадавіны знікнення былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, у Менску было затрымана больш за 30 удзельнікаў акцыі салідарнасці, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы з 18.00 да 18.35. Некалькі чалавек міліцыя затрымала да пачатку акцыі.

Канапацкі быў затрыманы ў раёне праспекта Машэрава ў 17.30 двума супрацоўнікамі міліцыі, прычым прычыну яго затрымання міліцыянты сфармуляваць не змаглі. «Замест гэтага ва УУС мне сталі пагражаць складаннем пратаколу аб адміністрацыйным парушэнні, нецэнзурна выражацца, без згоды знялі на відэакамеру», — сказаў палітык.

У скарзе ў пракуратуру Канапацкі патрабаваў «правесці праверку прыведзеных фактаў, даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным затрыманні».

«Адказ пракуратуры з'яўляецца чарговым фактам, што пацвярджае прывіднасць так званай лібералізацыі. Пракуратура, адной з асноўных функцыяў якой з'яўляецца нагляд за захаваннем законнасці, фактычна самаўхілілася і не выканала ніводнага з патрабаванняў, якія я прыводзіў у скарзе», — сказаў прадстаўнік Партыі БНФ.

Апошнія навіны