BE RU EN

Міліцыя пераследуе ўдзельнікаў акцыі памяці генерала Захаранкі

  • 19.05.2009, 12:33

18 мая супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзела міліцыі Гомеля выклікалі на допыт траіх удзельнікаў акцыі памяці выкрадзенага ў Беларусі экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі.

7 мая на дзесяцігоддзе са дня гвалтоўнага знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сіл Гомеля правялі акцыю каля будынку абласной міліцыі, перадае «Радыё Свабода».

Месца было абранае невыпадкова: у Гомельскім упраўленні ўнутраных спраў Юрый Захаранка праслужыў доўгі час. Падчас акцыі актывісты перадалі ва ўпраўленне зварот рэгіянальнай кардынацыйнай рады АДС, у якім заклікалі супрацоўнікаў міліцыі не пакідаць без увагі справу знікнення генерала Захаранкі.

14 мая на імя ладзіміра Кацоры прыйшоў адказ за подпісам выконваючага абавязкаў начальніка УУС Уладзіміра Захарчука. Ён паведаміў, што «па факце невядомага знікнення 07.05.1999 г. Захаранкі Ю.М. ГУУС Менскага гарвыканкама ўзбудзіла крымінальную справу, у межах якога праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па яе расследаванні. Нажаль, да цяперашняга часу месцазнаходжанне Захаранкі Ю.М. не ўсталяванае».

Актывіст руху «За свабоду» Уладзімір Кацора лічыць, што, паколькі адказ на зварот атрыманы, выклік у міліцыю звязаны, хутчэй за ўсё, з прэтэнзіямі супрацоўнікаў міліцыі да несанкцыянаванага правядзення акцыі памяці.

«Маючы досвед адносінаў з нашай міліцыяй, -- заяўляе палітык, -- я бяру з сабой цёплыя рэчы для таго, каб адбываць арышт. Незалежна ад таго, якое будзе пакаранне, арышт або штраф, у зале суду я маю намер абвясціць сухую галадоўку».

За апошнія тры гады Ўладзіміра Кацору за палітычную дзейнасць арыштоўвалі 5 разоў. У турме ён правёў 47 сутак.

Нагадаем, што генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 мая 1999 года. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй па пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

Шматлікія ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.

Апошнія навіны