Беларускі рубель павінен быць дэвальваваны ў 2 разы
- 19.05.2009, 14:38
Экс-міністр працы і лідэр саюза буйных прадпрымальнікаў Георгі Бадзей лічыць паўторную дэвальвацыю беларускага рубля непазбежнай.
Адмоўнае гандлёвае сальда можа быць падставай для планавага патаннення беларускага рубля, заявіў старшыня праўлення Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага Георгі Бадзей у інтэрв'ю "Інтэрфаксу".
«Калі меркаваць паводле дадзеных гандлёвага балансу, а гэта адмоўнае сальда амаль у 1,5 млрд. даляраў, дык дэвальвацыя эканоміцы патрэбная», -- кажа Г.Бадзей.
«Валюта - гэта таксама тавар. Калі сальда адмоўнае, дык гэта значыць, што яе не хапае. Законы рынка такія, што ўсё, што аказвацца ў дэфіцыце, становіцца даражэй», -- патлумачыў ён. «Гэта простая арыфметыка, і зыходзячы з яе, замежная валюта ў Беларусі павінна падаражэць», -- лічыць эксперт.
Ён нагадаў, што кампенсаваць гандлёвы дэфіцыт могуць замежныя інвестыцыі, прыбыткі ад продажу дзяржуласнасці, замежныя крэдыты. «Цалкам магчыма, што ў нас ёсць прыток валюты па гэтых артыкулах, калі кіраўнік Нацбанка дакладвае пра стабільную сітуацыю ў грашова-крэдытнай сферы», выказаў здагадку Г.Бадзей.
У той жа час адсутнасць прытоку валюты ў краіну па вышэйзгаданых пазіцыях кажа пра тое, што эканоміцы патрэбная дэвальвацыя.
«Так, гэта выкліча рост спажывецкіх коштаў і зніжэнне ўзроўня жыцця насельніцтва», -- згаджаецца Г.Бадзей, -- але жыць трэба па сродках».
На думку эксперта, «гэта аб'ектыўна, калі прадукцыя не прадаецца, і грошай няма».
«Значыць, не той тавар вырабляем», выказаў меркаванне ён. Нават калі тавар запатрабаваны, як сцвярджаюць вытворцы, а прычына зніжэння продажаў у няздольнасці разлічыцца за яго з-за крызісу, дык ўсё адно трэба зацягваць паясы, лічыць кіраўнік бізнэс-аб'яднання. «Мы не можам рабіць выгляд, што крызісу няма і працягваць жыць як у дакрызісныя часы», -- перакананы ён.
Нягледзячы на зніжэнне аб'ёмаў экспарту, дэвальвацыя будзе карысная экспарцёрам, бо «дазволіць знізіць знешні, валютны кошт на іх прадукцыю», лічыць эксперт. «Для тых, хто прадае, гэта будзе істотная падтрымка», лічыць ён. Але і тут, на думку Г.Бадзея, трэба ўлічыць досвед мінулай дэвальвацыі. «У той час як расейскі рубель знізіўся ў 2 разы, а мы дэвальвавалі сваю валюту толькі на 25%, у выніку ўсе нашыя экспарцёры, якія пастаўлялі тавар у Расею, панеслі вялікія страты», сцвярджае Г.Бадзей. «Наш асноўны гандлёвы партнёр Расея, а гэта значыць, што дэвальваваць валюты трэба было сінхронна, тады б нашыя экспарцёры ў Расеі не пацярпелі, а так яны пацярпелі значна больш, чым тыя, што пастаўляюць у далёкае замежжа, за даляры і еўра», сцвярджае эксперт.
Даведка:
Бізнэс саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С. Куняўскага (БСПН ім. Куняўскага) - некамерцыйная арганізацыя са статутам рэспубліканскага аб'яднання юрыдычных асобаў, якая аб'ядноўвае каля 200 камерцыйных арганізацыяў, на якіх працуе больш за 50 000 працаўнікоў.
Галоўным зместам дзейнасці БСПН з'яўляецца садзейнічанне падвышэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў; развіццю прадпрымальніцтва; стварэнню новых працоўных месцаў і эфектыўнай занятасці як галоўнага фактару для фармавання сярэдняга класа і барацьбы з беднасцю.
БСПН актыўна ўдзельнічае ў працы Міжведамаснага Савета па развіцці экспарту (пад старшынствам першага намесніка прэм'ер-міністра Сямашкі У.І.), фармаванні экспартна-імпартнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, праграмаў і мерапрыемстваў па развіцці экспарту і імпартазамяшчэння.