Жыццё Мікалая Аўтуховіча пад пагрозай: яго пераводзяць у турэмны шпіталь
- 19.05.2009, 15:45
Стан здароўя палітвязня, які ўжо больш за месяц трымае галадоўку, робіць немагчымым яго ўтрыманне ў СІЗА.
Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў адвакат арыштаванага прадпрымальніка Павал Сапелка.
«Сёння падчас маёй сустрэчы з Мікалаем Аўтуховічам яму паведамілі пра тое, што ён пераводзіцца ў Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Гэта азначае, што стан яго здароўя пагоршыўся да той ступені, якая робіць немагчымым яго ўтрыманне ў следчым ізалятары, нават ва ўмовах санчасткі, - сказаў Павал Сапелка.
Паводле словаў адваката, нягледзячы на складаную сітуацыю са здароўем, Мікалай Аўтуховіч працягвае галадоўку і спыняць яе збіраецца толькі пасля выканання яго патрабаванняў.
Павал Сапелка нагадаў, што ў якасці патрабаванняў, высунутых Аўтуховічам – альбо змена меры стрымання абвінавачваным па яго справе, альбо заканчэнне расследавання ў найкарацейшыя тэрміны і накіраванне справы ў суд.
Паводле словаў адваката, рэакцыя на патрабаванні Мікалая Аўтуховіча пакуль адсутнічае: ні на водную са скаргаў ці хадайніцтваў адказу пакуль не атрымана.
Нагадаем, лідэр прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў следчым ізалятары з 8 лютага 2009 года, па абвінавачванні ў падпале маёмасці ў 2005 годзе. Разам з ім па такім жа абвінавачванні арыштаваныя Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка.
16 красавіка абвесціў галадоўку, паколькі лічыць сябе невінаватым. Галадоўка з'яўляецца адзінай законнай ва ўмовах турмы мерай, на якую мог пайсці абвінавачваны, пратэстуючы супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання яго справы.
Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя вязнямі сумлення.