Нацбанк пакінуў аўтадылераў без валюты. Фірмы на мяжы банкруцтва
- 20.05.2009, 9:51
Беларускія банкі не задаволілі заяўкі аўтадылераў на куплю валюты для аплаты імпартных кантрактаў.
18 мая стаў для беларускіх аўтадылераў сапраўды цяжкім днём. Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік «Аўтацэнтра Nissan на Купрыянава», афіцыйны дылер японскай маркі падаў заяўку на куплю валюты 15 мая, а ўжо 18 мая атрымаў адмову.
«Банкі спынілі прыём заявак на біржу, сказалі: і больш не дасылайце. У дзяржбанкаў, каб купіць валюту, трэба браць дазвол у мясцовым выканкаме. Нам прыйдзецца адмовіцца ад паслуг дзяржаўных банкаў, але ў прыватных банках курс значна вышэйшы, далёка не такі, які дэкларуецца Нацбанкам», распавёў прадстаўнік аўтацэнтра.
Як мінімум у трох беларускіх банках пацвердзілі наяўнасць вуснай забароны Нацбанка камерцыйным банкам да 1 чэрвеня 2009 года прымаць у кліентаў заяўкі на куплю замежнай валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы для аплаты імпарту (за выключэннем медпрэпаратаў).
Дадзенае абмежаванне прынята ў дадатак да дзеючых з лістапада 2008 года абмежаванняў па авансаванні імпарту.
Па словах прадстаўнікоў банкаў, Нацбанк даў рэкамендацыю задавальняць запатрабаванні кліентаў за кошт куплі валюты на пазабіржавым рынку.
Адназначная трактоўка распараджэння Нацбанка, якое нібыта паступіла, пры гэтым, адсутнічае: некаторыя банкі кажуць не аб забароне, а аб часовым абмежаванні выхаду банкаў на біржу, некаторыя заяўляюць аб захаванні на біржы звычайнага парадку ўгод з замежнай валютай, і канстатуюць яе куплю на біржы 18 мая.
Крыніца ў органах дзяржкіравання паведаміла інфармацыйнаму агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што напярэдадні кіраўніцтва ўрада правяло нараду з найбуйнымі банкамі, асноўным лейтматывам якой стала цвёрдае патрабаванне да банкаў з нагоды максімальна магчымага задавальнення запатрабаванняў кліентаў у замвалюце на пазабіржавым рынку. Пры гэтым якія-небудзь пісьмовыя распараджэнні ў гэтай сувязі адсутнічаюць, хоць рэкамендацыі дадзеныя ў адносінах імпарту ў цэлым, таксама яны распаўсюджваюцца і на куплю валюты для пагашэння раней прыцягнутых крэдытаў.
Паміж тым, сам Нацбанк падкрэслівае адсутнасць фармальнай забароны на куплю інвалюты на біржы.
«Нацыянальны банк ніякіх дадатковых дакументаў з мэтай абмежавання куплі валюты на біржы не прымаў і лістоў не рассылаў», - заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Нацбанка Анатоль Драздоў.
Першы намеснік старшыні кіраўніцтва Нацыянальнага банка Павел Каллаўр таксама сцвярджае, што Нацбанк не ўводзіў ніякіх абмежаванняў па куплі і продажу валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы. «У адпаведнасці з законам аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі бягучыя аперацыі ажыццяўляюцца на валютным рынку без усякіх абмежаванняў. Нацбанк не ўводзіў ніякіх абмежаванняў па куплі і продажу валюты на біржы», - адзначыў першы намглавы кіраўніцтва НБРБ.