Ярмошына: «Не будзе ніякіх навэлаў, якія б змянялі выбарчую сістэму»
- 20.05.2009, 13:22
Невыязная кіраўнічка ЦВК Беларусі заяўляе, што выбарчая сістэма краіны не будзе кардынальна перагледжаная.
Прапановы па змене выбарчага заканадаўства Беларусі, якія не прадугледжваюць кардынальнага перагляду выбарчай сістэмы, падрыхтаваныя працоўнай групай сумесна з экспертамі АБСЕ, паведаміла Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс».
«Падчас абмеркавання рэкамендацыяў, якія высунула АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў, экспертамі быў падрыхтаваны кампрамісны варыянт прапановаў па змене выбарчага заканадаўства. Падрыхтаваныя менавіта прапановы, а не законапраект», - заявіла кіраўнічка ЦВК.
Паводле яе словаў, у падрыхтаваным працоўнай групай экспертаў варыянце «няма наогул ніякіх навэлаў, якія б змянялі выбарчую сістэму Беларусі». «Проста змяняюцца некаторыя выбарчыя тэхналогіі, арганізацыйныя пытанні», - сказала яна.
Кіраўнічка ЦВК паведаміла, што, у прыватнасці, гэтыя прапановы датычаць «пытанняў вядзення перадвыбарчай агітацыі, спрашчэння парадку правядзення перадвыбарчых вулічных мерапрыемстваў, фінансавых пытанняў». «Там, напрыклад, разглядаецца пытанне стварэння індывідуальных фінансавых фондаў для кожнага кандыдата», - адзначыла Л.Ярмошына.
«Гэтыя прапановы накіраваныя на разгляд міністэрстваў і ведамстваў Беларусі для выпрацоўкі адзінай пазіцыі. На гэтай стадыі сёння гэты працэс і знаходзіцца», - сказала старшыня ЦВК. Таму, паводле яе словаў, «казаць пра нейкую таемную распрацоўку законапраекта нельга». Л.Ярмошына патлумачыла, што «законапраект можа быць падрыхтаваны толькі ў тым выпадку, калі будзе атрыманае адпаведнае даручэнне ад суб'ектаў заканадаўчай ініцыятывы. Такога даручэння пакуль няма», - заявіла старшыня ЦВК Беларусі.
Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўнічцы Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.