Прэзідэнт радыё «Свабода» сустрэўся з удзельнікамі галадоўкі салідарнасці
- 21.05.2009, 8:29
Адразу пасля прыезду ў Менск Джэф Гедмін правёў сустрэчу з моладзевымі актывістамі, якія распавялі яму аб беларускіх палітвязнях.
На сустрэчу з прэзідэнтам Радыё Свабода/Свабодная Еўропа Джэфам Гедмінам прыйшлі моладзевыя актывісты – Ірына Губская, Наста Палажанка, Арцём Дубскі, а таксама звольненая за расповяд вучням аб Дні волі выкладчыца Мар'яна Грузділовіч, паведамляе «Радыё Свабода».
Джэф Гедмін растлумачыў, чаму падчас свайго візіту ў Менск ён у першую чаргу захацеў сустрэцца з моладзевымі актывістамі.
«Я хацеў сустрэцца з моладдзю, з людзьмі, якія маюць прынцыпы. Я чуў і чытаў пра гэтых маладых людзей, якія змагаюцца за свае ідэалы. Таму і папрасіў у першую чаргу сустрэцца з імі», -- растлумачыў прэзідэнт радыё "Свабода".
Гутарка праходзіла у пакоі, дзе маладыя людзі правялі 12 дзён галадоўкі. Тут яшчэ засталіся матрацы і бутэлька з вадой. Актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка растлумачыла, што галадоўка была спыненая пасля таго, як апазіцыйныя палітыкі папрасілі яе спыніць і заявілі, што бяруць адказнасць за лёс палітвязняў на сябе. Джэф Гедмін пацікавіўся, чаму маладыя людзі абралі галадоўку як метад барацьбы і пацікавіўся аб палітычных мэтах моладзевых актывістаў.
Удзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі выказаў занепакоенасць лёсам ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які больш за месяц трымае галоўку ў СІЗА 1 ГУУС Менгарвыканкама.
«Ведаю, як яму нялёгка, і за месяц галадоўкі стан ягонага здароўя не самы лепшы, -- сказаў Арцём Дубскі. -- Яго адвялі ў турэмную лякарню. Мы хочам ягонага хутчэйшага вызвалення пад падпіску аб невыяздзе».
Наста Палажанка таксама адзначыла, што сёння ў Беларусі не адбываецца ніякіх змен.
«Я думаю, што нават з нейкай новай палітыкай, якая звязаная з Беларуссю і Еўропай, як амерыканцы, так і еўрапейцы пакуль што выдатна разумеюць, што ў нас у Беларусі ўсё адбываецца так, як хоча і дамаўляецца Лукашэнка. Асаблівых дэмакратычных змен у нас не адбываецца. Я думаю, усе выдатна разумеюць, што гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ёсць дыктатура», -- заявіла актывістка «Маладога фронту».
У канцы сустрэчы моладзевыя актывісты павіншавалі Джэфа Гедміна з юбілеем беларускай службы радыё «Свабода» і падзякавалі яму за падтрымку.