BE RU EN

Суд патрабуе ў незалежнага прафсаюза падрабязную інфармацыю пра актывістаў

  • 21.05.2009, 15:40

Гомельскі суд запатрабаваў падаць даведкі з месца працы і навучання ўдзельнікаў устаноўчага сходу першаснай арганізацыі працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці.

Намеснік старшыні суду Цэнтральнага раёна Гомеля Шыцікаў, які разглядае справу пра адмову ў рэгістрацыі першаснай арганізацыі, запытаў у прафсаюза таксама інфармацыю аб родзе заняткаў чальцоў прафсаюза, якія прысутнічалі на ўстаноўчым сходзе арганізацыі. Прычым не толькі на момант правядзення сходу, але і ў цяперашні час. Да адказу ён просіць таксама прыкласці даведкі з месца працы і навучання, а для звольненых і непрацуючых — завераныя копіі працоўных кніжак, для пенсіянераў — пенсійных пасведчанняў, піша «Салідарнасць».

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Федыніч распавёў, што за ўвесь час існавання арганізацыі падобнага запатрабавання ён не атрымліваў ні разу.

«Суды могуць запытваць любую інфармацыю, гэта іх права, — згаджаецца Федыніч. — Але навошта суду разглядаць чальцоў прафсаюза пад павелічальным шклом, навошта суду, які разглядае справу аб рэгістрацыі арганізацыі, даведка з месца працы чальца прафсаюза? Важна, каб чалавек напісаў заяву і выплачваў унёскі. Мы гатовыя даць суду любую інфармацыю, якую мы маем, але ў нас няма завераных даведак з месца працы чальцоў прафсаюза».

Суразмоўца патлумачыў, што суд можа запрасіць чальцоў прафсаюза і папрасіць пацвердзіць іх сваё сяброўства, спытаць, чаму яны ўступілі ў прафсаюз, дзе яны працуюць. Але прафсаюз, паводле словаў Федыніча, не мае права займацца збіраннем даведак з людзей, гэта не ўваходзіць у яго функцыі. Больш за тое, месца працы — гэта другаснае пытанне. Яно становіцца актуальным у тым выпадку, калі неабходна абараняць парушаныя правы працаўніка, а не ў момант рэгістрацыі арганізацыі, дапаўняе прафсаюзны лідэр.

«Засталося запатрабаваць медыцынскую даведку, з міліцыі і з ЖЭС, і будзе поўны камплект неабходнай інфармацыі пра чальца прафсаюза РЭП: здаровы, шкодных звычак не мае, не прыцягваўся, камунальныя паслугі аплачвае своечасова», — жартуе ён.

Генадзь Федыніч паведаміў, што інфармацыя аб запатрабаванні намесніка старшыні гомельскага суду будзе накіраваная ўсёй міжнароднай прафсаюзнай супольнасці.

«Прафсаюз ніколі не займаўся, і не будзе займацца збіраннем даведак. Ніякай інструкцыяй гэта не загадана. Ёсць канкрэтны спіс дакументаў, неабходных для рэгістрацыі прафсаюзнай арганізацыі. І давайце будзем гэтага прытрымвацца. Зрэшты рэшт, ёсць прынцып роўнасці закона для ўсіх. Калі высоўваюць такія патрабаванні, давайце высоўваць іх для ўсіх. Але гэты выбарчы падыход, які працягваецца ў дачыненні да чальцоў незалежных прафсаюзаў, час спыніць», — падагульніў Федыніч.

Апошнія навіны