Менскі токар уцякаў ад ДАІ на хуткасці 250 км/гадзіна
- 22.05.2009, 10:39
За 25 хвілін язды матацыкліст зарабіў 25 пратаколаў, але, да шчасця, нікога не збіў.
«Я ехаў з невялікай хуткасцю, дзесьці 250 кіламетраў у гадзіну. Я нават не зразумеў, што за мной гоняцца супрацоўнікі ДАІ. Чуў звон уключаных маячкоў, але думаў, гэта проста манія, - распавёў «Комсомольской правде в Беларуси» 26-гадовы Аляксей. - Вы зразумейце, мне было прасцей набраць хуткасць, чым спыніцца».
Учора ў 9 гадзін раніцы на вуліцы Аранскай Аляксей Бабіч на высокай хуткасці абагнаў экіпаж ДАІ.
«Мы пачалі пераследваць маладога чалавека, даклалі сітуацыю ва УДАІ Менгарвыканкама, - распавёў нам старэйшы інспектар Алег Максименка. - Мы гналіся за ім 10 км па горадзе і яшчэ 15 км па Слуцкай шашы. У вёсцы Самахвалавічы ён павярнуў у бліжэйшы двор, кінуў там матацыкл «Ямаха FZS 1000». Дарэчы, хлопец быў цвярозы».
«Я за час службы ў ДАІ такога не бачыў, - дзеліцца старэйшы інспектар ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Валянцін Кубарскі. - За 25 хвілін хлопец умудрыўся зарабіць 25 пратаколаў! Перавышэнне хуткасці, язда на чырвонае святло, не пропуск пешахода… Ён стварыў столькі аварыйных сітуацый на дарозе!»
«Я не ствараў, - кажа Аляксей Бабіч. - Пешаходы самі разбягаліся, калі мяне бачылі. Калі б не вы, я бы ехаў спакойна, а так прыходзілася набіраць хуткасць».
Аляксей Бабіч працуе на заводзе шасцяронак токарам. Год таму яго пазбавілі правоў кіроўцы за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення. Цяпер парушальніку прыйдзецца заплаціць штраф у 3,5 мільёна рублёў і разабрацца з сябрам, у якога ён узяў матацыкл.