Расследаванне па справе аб апаганенні пахаванняў у Курапатах падоўжанае
- 25.05.2009, 9:11
Ва ўрочышчы Курапаты не раз здзяйсняліся акты вандалізму, аднак ніхто са злачынцаў не быў прыцягнуты да адказнасці.
Расследаванне падоўжанае да 4 ліпеня. Аб гэтым БелаПАН паведаміў старэйшы дазнаўца УУС Менскага аблвыканкама Сяргей Паляк.
Па ягоных словах, зараз праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні і аператыўныя мерапрыемствы па высвятленні асоб злачынцаў.
2—3 красавіка цяперашняга года ў Курапатах недалёка ад галоўнай алеі, якая вядзе ад Крыжа пакут да вышэйшай кропкі ўрочышча, былі выяўленыя два апаганеных пахавання. Злачынцы пакінулі на пяску астанкі людзей, а таксама рэшткі іхняй вопраткі і абутку.
Пасля таго як па дадзеным факце ва УУС Менскага райвыканкама паступілі матэрыялы праверкі, праведзенай раённай пракуратурай, 4 красавіка была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 344 КК (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб'ектаў, якім можа быць прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці). Гэтае злачынства караецца грамадскімі працамі, альбо штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох год, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. 7 красавіка справа была перададзеная ва УУС Менскага аблвыканкама.
На тэрыторыі помніка гісторыі міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і размешчанага на паўночна-ўсходняй ускраіне Менска, , па розных адзнаках, ад 30 тыс. да 200 тыс. ахвяр сталінізму.
Ва ўрочышчы не раз здзяйсняліся акты вандалізму, аднак ніхто са злачынцаў не быў прыцягнуты да адказнасці. Зараз Бараўлянскім аддзелам УУС Менскага райвыканкама, УУС Менскага райвыканкама і УУС Менскага аблвыканкама вядуцца тры крымінальныя справы па фактах вандалізму ў Курапатах.
Адна з іх - супраць двух непаўнагадовых менчукоў, навучэнцаў школы і прафтэхвучэльні, затрыманых грамадскімі актывістамі Аляксандрам Макавым і Алегам Свірыдавым увечары 1 лістапада 2008 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышча Курапаты» і падазраваных у знішчэнні памятных крыжоў.