BE RU EN

Экс-міністр эканомікі: Беларусі пагражае дэвальвацыя незалежна ад жадання ўлад

  • 25.05.2009, 12:35

Па меркаванні незалежных экспертаў, беларускай эканоміцы не дапаможа чарговы транш расейскага крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў.

Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Беларусі катэгарычна абвяргае магчымасць новай дэвальвацыі беларускага рубля па прыкладзе 1 студзеня 2009 года. Тады рубель па стаўленні да даляра быў абясцэнены на 20 адсоткаў, а пасля страціў яшчэ 10 адсоткавых пунктаў, паведамляе радыё «Свабода».

Таксама чыноўнікі ўпэўненыя, што добрай запамогай для захавання стабільнасці фінансавай сістэмы будзе расейскі крэдыт, другі транш якога паступіць у Беларусь да канца мая. Аднак незалежныя эксперты ўпэўненыя: ніякімі крэдытамі безнадзейна хворую эканоміку краіны ўжо не выправіш.

Першы намеснік старшыні кіравання Нацбанка Беларусі Павел Калаўр заявіў: эканамічных падставаў для наступнай дэвальвацыі беларускага рубля звыш узроўня, прадугледжанага асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2009 год, няма. Па словах банкіра, у Беларусі ажыццяўляецца прывязка да кошыка валют (даляр, еўра, расейскі рубель) і прынятае абавязанне адхіляцца ад цэнтральнага курсу гэтага кошыка не больш чым на 5 адсоткаў. На сённяшні дзень такое адхіленне складае каля аднаго адсотка ў бок максімальнага абмежавання, удакладніў Калаўр.

У сваю чаргу, былы міністр эканомікі Беларусі Георгій Бадзей лічыць новую дэвальвацыю беларускай грашовай адзінкі непазбежнай. Па меркаванні эканаміста, калі судзіць па адмоўным сальда гандлёвага балансу ў памеры 1,5 мільярда даляраў, то дэвальвацыя беларускай эканоміцы пагражае незалежна ад жадання ўлад. Аднак як хутка падобнае можа адбыцца – прагназаваць досыць складана.

Адносны зацішак у фінансавай сферы ўжо дазволіў некаторым беларускім чыноўнікам заявіць, што Беларусь з мінімальнымі стратамі перажывае эканамічны крызіс, які сур’ёзна закрануў большасць сусветных эканомік. Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі падчас справаздачы ў Лукашэнкі прама заявіў: у эканоміцы краіны дасягнутая «стабілізацыя».

Беларускі эканаміст Валер Кругавы, які пражывае зараз у Польшчы, такім аптымістычным заявам не верыць:

«Беларусь у сілу спецыфікі эканомікі, у сілу спецыфікі палітычнай улады ўвайшла ў крызіс на ягонай, скажам, трэцяй стадыі. Але ж будзе яшчэ некалькі стадый! Натуральна, хто патрапіў у крызіс пазней, пазней з яго і выйдзе».

Тым часам у Менску разлічваюць на атрыманне другога транша расейскага крэдыту ў суме 500 мільёнаў даляраў. Па словах Паўла Калаўра, беларускі бок не губляе надзеі атрымаць яго ў канцы мая. Акрамя таго, Беларусь не адмовілася ад ідэі атрымаць ад Расеі яшчэ адзін крэдыт – ужо ў памеры 100 мільярдаў расейскіх рублёў.

Аднак Валер Кругавы адзначае, што наўрад ці падобныя прафілактычныя ін'екцыі эфектыўныя пры хранічных хваробах беларускай эканомікі.

Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Беларусі запэўнівае грамадзян краіны: сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы застаецца стабільнай і падставаў для хваляванняў няма. Зрэшты, такія ж запэўненні чуліся літаральна за некалькі дзён да навагодняй дэвальвацыі, у выніку якой рэальныя грашовыя прыбыткі большасці беларусаў знізіліся на 20-40 адсоткаў.

Апошнія навіны