Вінцук Вячорка: Вяртаць Беларусі статус спецзапрошанага - парушэньне прынцыпаў Рады Эўропы
- 26.05.2009, 15:17
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракамэнтаваў рэкамэндацыі Паліткамітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы вярнуць Беларусі статус спэцыяльна запрошанага.
«Падчас зімовага прыезду ў Беларусь спадар Андрэа Рыгоні на сустрэчы з намі даў дастаткова адэкватную ацэнку сытуацыі ў Беларусі падчас так званага выпрабавальнага пэрыяду. І агучыў тагачасную прапанову палітычнай камітэту ПАРЭ — запрасіць для перамоваў зьмешаную групу, у склад якой парытэтна ўваходзілі б прадстаўнікі ўлады і дэмакратычных сілаў. Натуральна, што мы гэтую прапанову падтрымалі, бо лічым неабходным весьці перамовы. Але гэтую прапанову адхілілі ўлады. Таму я не разумею, што ў міжчасьсе адбылося, што прымусіла спадара Рыгоні зьмяніць тое дастаткова абгрунтаванае меркаваньне», – заявіў Вінцук Вячорка ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».
Ён нагадаў, што ў дэмакратычных сілаў ёсьць дакумэнт, у якім сфармуляваныя прынцыпы «падарожнай мапы» дзеля вяртаньня Беларусі ў Раду Эўропы.
«Там прапаноўваюцца перадумовы і ўмовы. Нельга надаваць нейкі статус у Радзе Эўропы краіне, якая апрыёры не адпавядае крытэрам сяброўства ў Радзе Эўропы. Таму павінен быць абазначаны рух у кірунку гэтых крытэраў і гатоўнасьць гэтыя крытэры выконваць. Пакуль гэта не абазначана. Я думаю, што гэта ў пэўным сэнсе парушэньне прынцыпаў Рады Эўропы», - падкрэсьліў палітык.
Нагадаем, сёньня ў парыскім офісе Рады Эўропы палітычны камітэт абмеркаваў даклад італійца Андрэа Рыгоні аб сытуацыі ў Беларусі. Дакладнік прапанаваў зноў надаць Беларусі статус адмыслова запрошаннага, які дазваляе «депутатам» «парлямэнта» краіны ўдзельнічаць у працы ПАРЭ.
Даклад быў прыняты адзінадушна бязь зьменаў.
Пасьля ўхваленьня дакладу паліткамітэтам, канчатковае рашэньне аб предстаўленьні Беларусі гэтага статуса будзе прымацца на чарговай сесіі ПАРЭ, якая адбудзецца напрыканцы чэрвеня.