Падоўжанае яшчэ адно расследаванне знішчэння крыжоў у Курапатах
- 27.05.2009, 9:20
Расследаванне крымінальнай справы па факце знішчэння невядомымі шасці памятных крыжоў у Курапатах падоўжанае да 20 чэрвеня.
Пра гэта паведаміў БелаПАН супрацоўнік Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС, які пажадаў застацца невядомым.
Справа была ўзбуджаная 20 красавіка па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
Чатыры крыжы знішчаныя на ўсходняй ускраіне Куропатаў, два — на паўночнай, якая прымыкае да аўтадарогі Заслаўль — Калодзішчы. Зламаныя крыжы былі выяўленыя актывістамі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ раніцай 17 красавіка. Выкліканыя на месца злачынства супрацоўнікі міліцыі правялі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку фотаздымку, абмеры, апыталі актывістаў КХП-БНФ.
Варта адзначыць, што па фактах вандалізму ў Курапатах узбуджаныя яшчэ две крымінальных справы. Так, да 30 траўня Менскім РУУС падоўжана расследаванне крымінальнай справы па факце знішчэння памятных крыжоў ва ўрочышча двума непаўнагадовымі менчукамі, затрыманымі на месцы злачынства 1 лістапада 2008 года грамадскімі актывістамі Аляксандрам Макавым і Алегам Свірыдавым. 4 красавіка Менскае РУУС узбудзіла крымінальную справу па факце апаганьвання 2—3 красавікадвух пахаванняў у Курапатах. Зараз гэтая справа знаходзіцца на разглядзе ва УУС Менскага аблвыканкама. Следства падоўжанае да 4 чэрвеня.
10 красавіка старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў МУС арганізаваць пастаяннае пешае патруляванне Курапатаў сіламі вайскоўцаў вайсковай часткі 3310 — другой асобнай спецыяльнай брыгады міліцыі, дыслакаванай у вёсцы Ваколіца Менскага раёна. Аднак УУС Менскага аблвыканкама адказала адмовай, матывуючы яе шэрагам аб'ектыўных прычынаў.
На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», занесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, пахаваныя, па розных ацэнках, ад 30 да 200 тысячаў ахвяраў сталінізму.