BE RU EN

На 42 дзень галадоўкі палітвязень Аўтуховіч ляжыць пад кропельніцай

  • 27.05.2009, 13:15

Нягледзячы на тое, што стан здароўя пагаршаецца з кожным днём, арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч не мае намеру спыняць галадоўку.

«Па апошніх звестках, Аўтуховіча абследавалі турэмныя медыкі. Зараз Аўтуховіч знаходзіцца пад кропельніцай. Яму з ягонай згоды ўводзяць глюкозу, каб хоць неяк падтрымаць аслаблы арганізм. Нягледзячы на гэта, Аўтуховіч не мае намеру спыняць галадоўку», - распавёў «Народнай Волі» юрыст Алег Волчак.

Нагадаем, прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага гэтага года і зьмешчаныя ў менскае СІЗА №1. Іх абвінавацілі ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці.

16 красавіка, паколькі справа практычна не вядзецца, Аўтуховіч абвясціў безтэрміновую галадоўку, патрабуючы хутчэйшага разгляду справы ў судзе альбо змены меры ўтрымання. Ідзе другі месяц галадоўкі – 42-і дзень. Стан здароўя Аўтуховіча пагаршаецца з кожным днём, у яго сур’ёзныя праблемы з печанню.

4 траўня беларускія грамадзскія і палітычныя дзеячы распачалі галадоўку салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Зараз галадоўка праходзіць эстафетна.

Тэрмін расследавання справы і тэрмін утрымання пад вартай ваўкавыскім прадпрымальнікам працягнулі да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць прадпрымальнікаў вязьнямі сумлення і патрабуюць іхняга неадкладнагя вызвалення. Варта зазначыць, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо адбывалі пакаранне і прызнаныя міжнародная супольнасцю палітвязьнямі.

Апошнія навіны