Палкоўнік МУС і экс-дырэктар «Эмір-Мотарс» прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі
- 28.05.2009, 14:37
Менскі гарадскі суд вынес прысуд у адносінах палкоўніка МУС Мікалая Кудзелкі і экс-дырэктары «Эмір-Мотарс» Ігара Крапчука.
Суд прысудзіў былога намесніка начальніка камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Мікалая Кудзелку да 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Інтэрфакс».
Акрамя гэтага, суд пазбавіў М.Кудзелку звання палкоўніка, прызначыў канфіскацыю маёмасці, забараніў займаць пасады ў праваахоўных органах на тэрмін 3 гады.
Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабараў, злоўжыванні службовым становішчам і незаконным набыцці боепрыпасаў.
Акрамя гэтага, суд прызначыў 6 гадоў пазбаўлення волі экс- дырэктару «Эмір-Мотарс» Ігару Крапчуку таксама з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці на 3 гады. Ён прызнаны вінаватым у даванні хабараў і махлярстве.
Нагадаем, што экс-дырэктар «Эмір-Мотарс» (прадпрыемства-імпарцёр аўтамабіляў Таёта ў Беларусь) І.Крапчук у жніўні 2008 года быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі за ўвоз без выплаты мытных пошлінаў больш чым 300 аўтамабіляў «Таёта». Па гэтай справе яму прад'яўленае абвінавачванне ў даванні хабараў М.Кудзелку.
Былому намесніку начальніка КБАЗіК было прад'яўленае абвінавачванне ў атрыманні хабараў ад камерсантаў на суму больш за $800 тыс.
Раней таксама паведамлялася, што М.Кудзелка праходзіў па гучнай справе «трох палкоўнікаў». У жніўні 2008 года Ваенная калегія Вярхоўнага суду прысудзіла да доўгіх тэрмінаў зняволення двух палкоўнікаў КДБ - былога начальніка ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй КДБ Міхаіла Міхалапа і начальніка кадравай і ідэалагічнай працы КДБ Аляксандра Мяцеліцу за атрыманне хабараў і махлярства. Падчас папярэдняга расследавання гэтай справы крымінальная справа ў дачыненні да М.Кудзелкі было вылучаная ў асобную вытворчасць. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, М.Кудзелка падазраецца ў тым, што атрымаў першы хабар у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У 2003 годзе ён сышоў з праваахоўных органаў на пенсію і ўладкаваўся працаваць у камерцыйную структуру на пасаду намесніка дырэктара - начальніка службы бяспекі аўтасалона «Таёта-цэнтр».