BE RU EN

Нацбанк: «Visa», «Maestro» і «Master card» заменім на «Белкарт», каб ЗША не лічылі грошы беларусаў

  • 29.05.2009, 11:21

Неўзабаве заробкі будуць пераводзіць на нацыянальныя крэдытныя карткі «Белкарт». Чыноўнікі сцвярджаюць, што замежныя «Visa», «Maestro» і «Master card» нібыта «пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны».

Аказалася, што ёсць пастанова ўрада, паводле якой цяпер для выдачы заробкаў на прадпрыемствах будуць выкарыстоўваць беларускія пластыкавыя карткі «Белкарт». Пакуль яны будуць хадзіць паралельна з карткамі «Visa» і «Maestro», але ў будучым імпартныя карткі плануюць цалкам замяніць на айчынныя, перадае «Еўрарадыё».

Галоўны бухгалтар Менскага маторнага завода Наталля Грамыка пацвердзіла, што на прадпрыемствах уводзяць беларускія карткі.

«Гэтая сістэма ахоплівае не толькі наш завод. Электратэхнічны па ёй працуе ўжо з мінулага года. Гэта беларуская сістэма, беларускія карткі, беларускае абслугоўванне», - кажа яна.

У Нацыянальным банку паведамілі, што ўсе заробкавыя праекты ў краіне да канца 2010 года перавядуць на нацыянальную карту.

Перш за ўсё, гэта звязана з пытаннем нацыянальнай бяспекі, кажа начальнік галоўнага упраўлення плацежнай сістэмы Нацбанка Іван Пішчык.

«Калі аперацыі па картках, па тых жа заробкавых праектах, праводзяцца не ў Беларусі, а ў працэсінгавых цэнтрах па «Visa» — у Лондане, па «Master card» — у Бруселі. І калі узнікаюць пэўныя праблемы, мы, мякка кажучы, можам сутыкнуцца з тым, што міжнародныя плацежныя сістэмы, штаб-кватэры якіх у асноўным у Штатах, могуць стварыць некаторыя непрыемнасці. Я не буду казаць дэталі, бо гэта тэма не для шырокага кола», - заявіў Іван Пішчык.

Як кажуць у Нацбанку, цяпер усе аперацыі па пластыкавых картках адсочваюцца ў замежных працэсінгавых цэнтрах. Уся інфармацыя аб транзакцыях захоўваецца і можа кантралявацца ўладальнікамі плацежнай сістэмы. Беларуская ж сістэма будзе аўтаномнай. І таму інфармацыя аб аперацыях, што будуць праводзіцца праз яе, ня выйдзе за межы краіны.

Таксама важнае месца займае эканамічнае пытанне. Каб зрабіць партыю картак, напрыклад, «Visa», беларускія банкі мусяць пералічыць свае грошы ў замежныя сістэмы.

«Калі мы рэалізуем праекты па заробках праз эмісію картак міжнародных сістэм, то мы павінны пакласці ў міжнародныя сістэмы пэўныя сумы на страхавы дэпазіт. Гэта значыць, што мае месца адцягненне сродкаў з рэсурсавай базы банкаў», - кажа Іван Пішчык.

У Нацбанку ўдакладнілі, што нацыянальныя карткі функцыянальна амаль не адрозніваюцца ад картак «Visa» і «Master card». «Белкарткай» толькі нельга карыстацца за мяжой.

Ніхто ня будзе адбіраць у людзей міжнародныя крэдыткі — яны будуць ужывацца, як і раней.

Гаворка ня ідзе і пра выдаванне заробку на два розныя рахункі. Рахунак застаецца адзін, але карткі да яго дзве, абсалютна раўнапраўныя. Калі адну згубіў, можна карыстацца другой. Але «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі» раяць карыстацца беларускай карткай.

Апошнія навіны