«Пражэктарперысхілтан»: Лукашэнкі ў Ватыкане (Відэа)
- 3.05.2009, 20:24
Візіт Аляксандра Лукашэнкі і яго сына Колі ў Ватыкан і іх сустрэча з Папам Рымскім Бенедыктам XVI сталі тэмай папулярнай перадачы «Пражэктарперысхілтан» на Першым канале расейскага тэлебачання.
Вядучыя праграмы Ургант, Цэкала, Светлакоў і Марцірасян выказвалі здагадкі, навошта Папа Рымскі вырашыў сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, які мае намер стаць «вечным прэзідэнтам», ды яшчэ і прыхапіў з сабой на сустрэчу малодшага сына Колю. Як і ўсіх беларусаў, вядучых папулярнай праграмы здзівіла, што сын Лукашэнкі падарыў Папу Рымскаму буквар на расейскай мове. «Напэўна, гэта той падарунак, які чакалі ўсе папы рымскія, а дачакаўся толькі Бенедыкт XVI... сустрэчы з богам», - зрабілі выснову яны.
Яшчэ адна версія, якую высунулі вядучыя «Пражэктарперысхілтан» - Лукашэнка падарыў Папу Рымскаму «Евангелле ад Лукі», гэта значыць напісаную ім самім «за адзін вечар» Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Варта адзначыць, што частка перадачы «Пражэктарперысхілтан», прысвечаная Лукашэнку, была выразаная з эфіру беларускага тэлеканала АНТ, які транслюе расейскі Першы тэлеканал у Беларусі.