Беларускія ўлады забаранілі аздараўленне дзяцей у Швейцарыі
- 4.05.2009, 10:44
400 беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў цяпер не змогуць паехаць на адпачынак.
Сёлета праграма аздараўлення беларускіх дзяцей у Швейцарыі пастаўленая пад пагрозу беларускімі ўладамі, піша інтэрнэт-рэсурс www.swissinfo.ch.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Швейцарыі пісьмовых гарантыяў вяртання дзяцей і адмаўлення ім у прытулку. Калі Швейцарыя адхіліла гэтае патрабаванне, паколькі яно супярэчыць заканадаўству аб правах чалавека, паездкі беларускіх дзяцей былі зусім спыненыя.
Андрэас Гёрліх-Кох, які прадстаўляе гуманітарную арганізацыю Hardwald Chernobyl з Цюрыха, лічыць, што ў гэтым выпадку дзеці сталі ахвярамі жорсткай палітыкі ўладаў:
«Калі яны прыязджаюць у Швейцарыю, яны бачаць дэмакратыю і лепшы лад жыцця, чым у Беларусі, і гэта прымушае іх задавацца пытаннямі, чаму так не можа быць дома. Лукашэнка трымае гэтых дзяцей у закладніках сваёй палітыкі».
Калі забарона не будзе знятая, арганізацыя збіраецца запрашаць на аздараўленне з Беларусі дарослых, якія не патрапляюць пад абмежаванні беларускіх уладаў. Акрамя таго Hardwald Chernobyl сёлета збіраецца арганізаваць свае праграмы медыцынскай дапамогі ў шпіталях Беларусі.
Нагадаем, што праблемы з аздараўленнем беларускіх дзяцей у краінах Еўразвяза і ЗША узнікаюць па віне беларускіх уладаў увесь час.