«L'Espresso»: Лукашэнка - нешта сярэдняе паміж савецкім дыктатарам і арабскім султанам
- 4.05.2009, 14:19
Беларусь застаецца апошняй дыктатурай Еўропы, піша Маргерыта Бельджаёза ў рэпартажы, апублікаваным у італьянскім штотыднёвіку «L'Espresso».
Сённяшняя Беларусь, піша аўтар артыкула, - гэта, з аднаго боку, сучасны свет, з 500 групамі на Facebook, радзіма маладога народа, які жыве музыкай і інтэрнэтам, і з іншага - краіна, што прыгнятаецца «прэзідэнтам», якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы. Аляксандр Лукашэнка - двухмятровы гігант з вусамі, як у Сталіна, нешта сярэдняе паміж савецкім дыктатарам і арабскім султанам. У прыватных стасунках яго падтрымлівае мала хто, але на публіцы народ выступае за яго, называючы яго Бацькам, а апазіцыянеры камунікуюць па тэлефоне, «шыфруючыся», піша аўтар артыкула.
Беларусь даведваецца пра ўсё, што адбываецца ў свеце - ад фінансавага крызісу да птушынага грыпу - па дзяржаўных тэлеканалах. Апазіцыйныя газеты можна пабачыць толькі ў бабулек, якія прадаюць газеты ў падземных пераходах. Але, нягледзячы на тое, што прэзідэнт-прыгнятальнік саджае апазіцыянераў у турму, заказвае забойствы журналістаў, кантралюе СМІ і карыстаецца паслугамі жорсткай сакрэтнай паліцыі, начное жыццё ў Менску нельга назваць сумным: працуюць шматлікія ўстановы, дзе сустракаюцца і дыскутуюць артысты, пісьменнікі, паказваюць свае спектаклі тэатральныя групы, вядомыя ўдзельнікі міжнародных фэстаў, звязаныя са «Свабодным тэатрам». Яны дэманструюць яшчэ больш эксперыментальныя і смелыя творы, чым іх калегі ў Расеі, з якой Беларусь знаходзіцца ў адзінай эканамічнай зоне.
Аўтар артыкула называе стасункі, якія злучаюць Маскву і Менск, дваістымі: Лукашэнка - раб Расеі, але ў апошнія месяцы ён імкнецца да большай незалежнасці ад Масквы, робячы крокі насустрач Брусэлю: сёння дзяржава кантралюе 76% эканомікі, але Менск паабяцаў ЕЗ больш шырокі прыватны і замежны ўдзел у беларускіх прадпрыемствах. Першымі гэтым скарысталіся расейцы з "Газпрама", набыўшы ўсяго за 2,5 млрд 50% "Белтрансгаза", а Аўстрыя і Турцыя набылі 2-ю і 3-ю па значнасці кампаніі мабільнай тэлефоннай сувязі краіны. У абмен, нягледзячы на тое, што сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася, Брусэль зняў з Лукашэнкі і палітычнай эліты абмежаванні на паездкі ў Еўропу.
Але глабальны крызіс нанес удар і па Менску: Масква прыйшла на дапамогу Беларусі, даўшы 2 млрд даляраў. Але Менск прыняў і свае меры: у першую чаргу была уведзеная забарона на імпарт некаторых замежных тавараў: ад маек да шакаладу, а таксама на маянэз, дываны і ровары. Charter’97, адзіны беларускі незалежны сайт навінаў, сцвярджае, што мэта гэтых мераў - не марнаваць каштоўную валюту і прапусціць праз прадуктовыя крамы тоны беларускага тавара з тэрмінам прыгоднасці, які сканчаецца.
З іншага боку, беларуская эканоміка вырабляе толькі прамысловае абсталяванне, сыравіну і прыгожых дзяўчат. Яны дзясяткамі кідаюцца ў мадэльныя агенцтвы ў надзеі атрымаць працу ў Еўропе. Але толькі няшмат у каго атрымліваецца рэалізаваць свае мары, усе астатнія працуюць прыслугай ці становяцца прастытуткамі.
Ніхто не верыць, што Лукашэнка хоча збліжэння з Еўразвязам. На думку 31-гадовага Андрэя Курэя, з якім гутарыў аўтар артыкула, паміж Беларуссю і Еўропай - сцяна. Сярэдні беларус не можа атрымаць візу ў Еўропу, таму шмат хто пакрыўджаны. Яны адчуваюць сябе часткай еўрапейскага грамадства і не хочуць аб'ядноўвацца з Расеяй. Брусэль, на думку Андрэя, павінен зрабіць больш. Захад стаў міражом у апошняй еўрапейскай дыктатуры.