Еўразвяз заклікалі не забываць аб 12 умовах, выстаўленых беларускаму рэжыму
- 6.05.2009, 16:48
Рада беларускай інтэлігенцыі ўпэўненая: без дэмакратычных рэформ удзел краіны ва Ўсходнім партнёрстве немагчымы.
«Рада беларускай інтэлігенцыі лічыць удзел у ініцыятыве «Ўсходняе партнёрства» вельмі важным для Беларусі, — адзначаецца ў заяве. — Але галоўнае — як для нас, так і для Еўропы — гэта не толькі рашэнне бягучых эканамічных праблем або дасягненне нейкіх геапалітычных мэт, але і дэмакратычнае рэфармаванне краіны. Без гэтага выкананне праграмы Ўсходняга партнёрства ў Беларусі проста немагчымае», цытуе заяву БелаПАН.
Па меркаванні ўдзельнікаў рады, перамовы па змесце Ўсходняга партнёрства «з чыстага аркуша», пры ігнараванні невыканання беларускім рэжымам 12 умоваў Еўразвяза і без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, «пакідаюць ва ўмовах маральнага гета дэмакратычна наладжаных грамадзян Беларусі, шматлікіх дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, якія не жадаюць служыць інтэлектуальнымі лакеямі рэжыму і імкнуцца на справе спрыяць мэтам, закладзеным у праграме партнёрства».
«Мы лічым, што рэальным сведчаннем сапраўднасці намераў беларускага кіраўніцтва па лібералізацыі сітуацыі ў краіне павіннае быць спыненне рэпрэсій па палітычных матывах, магчымасць рэгістрацыі і працы грамадскіх аб'яднанняў, такіх як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі гуманітарны ліцэй, магчымасць рэгістрацыі і распаўсюджвання беларускай незалежнай прэсы, акрэдытацыя тэлеканала «Белсат», — заяўляе рада беларускай інтэлігенцыі.
Як адзначаецца ў заяве, у гісторыі Еўропы «дастаткова прыкладаў», калі ігнараванне такіх фундаментальных каштоўнасцяў, як свабода сумлення і выразу, справядлівыя выбары, вяршэнства закона, правы меншасцяў, «з-за недальнабачнасці і маладушнасці пэўных палітычны асоб, або дзеля дасягнення нейкіх прагматычных мэт, прыводзіла да катастроф, якія руйнавалі не толькі жаданыя прагматычныя мэты, але і забіралі мільёны чалавечых жыццяў».
Як паведаміў прадстаўнік прэс-службы Аляксандра Казуліна Сяргей Марцэлеў, рада беларускай інтэлігенцыі ўпаўнаважыла Казуліна давесці ягонае меркаванне да еўрапейскіх палітыкаў.
«А.Казулін мае паўнамоцтвы на агучванне гэтай пазіцыі на афіцыйных сустрэчах і сустрэчах з грамадзянскай супольнасці Чэхіі», — падкрэсліў Марцэлеў.