BE RU EN

«Свабодны тэатр» выступіў у Празе са спектаклем, прысвечаным беларускім палітвязням

  • 7.05.2009, 13:08

Беларускі «Свабодны тэатр» прыехаў на саміт Усходняга партнёрства са сваім спектаклем «Пакаленне Jeans» па запрашэнні экс-прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела.

Запрашэнне на саміт у Прагу кіраўнікі беларускага «Свабоднага тэатра» атрымалі ў пачатку красавіка, калі прымалі ўдзел у канферэнцыі Forum for Creative Europe, які праводзіўся пад патранажам чэшскага прэзідэнта. Тады Вацлаў Гавел, у гутарцы з Наталляй Калядой і Мікалаем Халезіным, сказаў: «Я не ведаю, чаго чакаць ад беларускіх улад, але вы павінныя быць тут падчас саміту».

Для паказу спектакля была вылучаная зала Monmartre у Бібліятэцы Вацлава і Дагмар Гавелаў у цэнтры чэшскай сталіцы. Гэтая зала добра вядомая беларускаму калектыву, які ўжо іграў тут спектакль падчас Беларускага дня з Вацлавам Гавелам, які праходзіў тут у снежні 2008 года. Спектакль «Пакаленне Jeans» прайшоў пры перапоўненай зале, і сабраў гледачоў самых розных нацыянальнасцей, пачынаючы ад нашых суайчыннікаў, якія жывуць сёння ў Чэхіі, да грамадзян Аўстраліі і Германіі, якія прыйшлі ў гэты дзень у залу Monmartre.

Дырэктар «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда, каментуючы ўдзел калектыва ў мерапрыемствах саміту Ўсходняга партнёрства, сказала: «Мы не маглі не ўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах. І прычын таму некалькі: па-першае, нас запрасіў наш апякун і сябар Вацлаў Гавел; па-другое, мы разумеем значнасць моманту, калі паўстала рэальная пагроза здрады з боку еўрапейскіх структур; і па-трэцяе, мы заўсёды даносім уласную пазіцыю, нягледзячы на любыя цяжкасці. Мы прыехалі сюды за свае грошы, і адыгралі спектакль бясплатна – гэта нашая прынцыповая пазіцыя – мы яшчэ і яшчэ раз хочам прыцягнуць увагу да таго, што на самой справе адбываецца ў Беларусі».

«Свабодны тэатр» прысвяціў свой спектакль беларускім палітвязням, якія находзяцца сёння ў беларускіх турмах. Выканаўца спектакля «Пакаленне Jeans» і мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін пракаментаваў гэтае рашэнне: «Нядаўна міністр замежных спраў Мартынаў заявіў у інтэрв'ю аднаму з еўрапейскіх выданняў: «у Беларусі няма палітвязняў, а ёсць сябры апазіцыі, якія сядзяць у турмах па эканамічных артыкулах». А я сцвярджаю, што палітвязні ў Беларусі ёсць, і гатовы паставіць на гэтае сцвярджэнне сваю рэпутацыю. Цяпер мы паглядзім, каму з нас павераць, і чыя рэпутацыя каштуе даражэй – Мартынава або мая».

Праект, прысвечаны саміту Ўсходняга партнёрства беларускі «Свабодны тэатр» не абмяжоўвае спектаклем, паказаным у Празе. «У бліжэйшыя дні мы пакажам у Менску спектакль «Працэс» па п'есе Вацлава Гавела, які прысвечаны актуальнай сёння тэме калабарацыянізму, у пастаноўцы чэшскага тэатра з г. Градзец Кралове», – кажа Наталля Каляда.

Апошнія навіны