«Dziennik»: Еўразвяз братаецца з беларускім фюрэрам
- 8.05.2009, 15:58
Былы палітвязень Аляксандр Казулін даў інтэрв'ю польскай газеце «Dziennik».
Адказваючы на пытанні журналіста ўплывовай польскай газеце «Dziennik», палітык Аляксандр Казулін заявіў, што Лукашэнка не зрабіў ні аднаго кроку ў бок дэмакратызацыі і еўрапейскіх свабод.
– Беларусь запрошаная ва «Ўсходняе Партнёрства». Лукашэнка сімвалічна вярнуўся на еўрапейскія салоны - сустрэўся з рымскім папай Бенедыктам 16. Вы расчараваныя?
– Таму, што грэшнік сустракаецца з Папай трэба толькі цешыцца. Пры ўмове, што ён гатовы раскаяцца. Грэшнік, аб якім ідзе гаворка, аб сваіх грахах не хвалюецца. Зусім наадварот - Лукашэнка адкрыта заяўляе, што не збіраецца мяняць існуючую палітыку, не збіраецца праводзіць сістэмныя рэформы, а апазіцыянераў называе «ворагамі народа». Выглядае гэта такім чынам, як быццам каталіцкі Касцёл блаславіў дыктатуру.
– Відавочна, Лукашэнку атрымалася пераканаць Папу рымскага і Захад, што на Беларусі нешта мяняецца...
– Пазіцыя Захаду нагадвае мне Понція Пілата. Еўропа як бы кажа: «Я мыю рукі з нагоды таго, што адбываецца ў тваёй краіне. Рабі там што хочаш. Мне важны толькі мой інтарэс».
– Палітыкі ЕЗ запэўніваюць, што ізаляцыя Беларусі ні да чаго не прывяла. Неабходна паспрабаваць нейкім іншым чынам. Адсюль ідэя прыцягнуць Беларусь да «Ўсходняга партнёрства».
– Еўропа ніколі не праводзіла палітыкі ізаляцыі Беларусі. Скажам шчыра - візавыя абмежаванні для некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў - гэта, хутчэй, маральная дэманстрацыя. 50% нашага тавараабароту прыходзіцца на дзяржавы Еўропы. Аб якой ізаляцыі ідзе гаворка?
– Але хаця б тое, што мы зараз сядзім і размаўляем, гэта мусіць знак, што нешта змянілася?
– А калі мы не маглі размаўляць?
– Калі Вы былі ў турме.
– І што, я цяпер павінен скакаць ад радасці, што гэтае пекла доўжылася два гады, а не пяць? Гэта даказвае нейкія змены? Ніхто не ўзгадвае 1995г., калі Лукашэнка адкрыта казаў, што гітлераўская Германія для яго - узорная дзяржава. А фюрэр - узорны прэзідэнт. І з гэтым чалавекам збіраецца братацца Еўропа.
– Можа, варта пайсці на гнілы кампраміс, каб вырваць Беларусь з пад расейскага ўплыву.
– Расейскі ўплыў у Беларусі нязменны ўжо некалькі стагоддзяў. Калі хтосьці сцвярджае, што яму атрымаецца змяніць гэта на працягу некалькіх год, то ён або наіўны або ілжэ.