BE RU EN

За тэкст гімна на «трасянцы» чыноўніку заплацілі 600 даляраў

  • 1.06.2009, 9:28

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт прыняў рашэньне ўзнагародзіць прэміямі па 50 базавых велічынь (1,75 мільёна рублёў) аўтараў тэксту і музыкі гімну Гомельскай вобласьці.

Як паведамляе БелТА, адным з атрымалых узнагароду зьяўляецца аўтар тэксту, кіравалы справамі Гомельскага аблвыканкаму, Аляксандар Урубель.

Каб ацаніць, за што дзяржаўны службоўца, які лічыць сябе паэтам, атрымлівае падчас крызысу больш за 600 даляраў ЗША з рэгіянальнага бюджэту, ня трэба быць ані літаратуразнаўцам, ані мовазнаўцам, піша сайт odsgomel.org.

Гімн Гомельшчыны:

Сэрцу мілейшай ня знойдзеш зямлі,

Прыроды цудоўней няма і народа.

Заўжды на Палесьсе ляцяць жураўлі,

Яны, як і мы, з краю гэтага родам.

Прыпеў:

Слаўся, любімы наш гомельскі край!

Шануем усё, што здабыта вякамі,

Красуй, узмацняйся і працьвітай,

Радзімы сьцяг з гонарам рэе над намі!

Продкі - радзімічы й дрыгавічы -

Між Прыпяцьцю з Сожам займалісь рамёствам,

Вытокі, саборы змаглі зьберагчы,

Кірыла адкрыў шлях духоўнага росту…

Прыпеў

Лясамі, хлябамі, сьвятлом гарадоў,

Культурай, сябрамі спакон даражылі.

Мы зробім усё, каб на веліч гадоў

У міры і шчасьці тут праўнукі жылі.

Як можна заўважыць, у гэтым «творы» адсутнічае выразны рытм, што робіць верш проста непрыгожым, а таксама зьмешчаныя грубыя моўныя памылкі. Напрыклад, у беларускай мове ніколі не было слова «працвітаць», нават калі й напісаць яго праз два мяккія знакі. Правільна ж будзе - «квітнець», і, каб гэта даведацца, дастаткова пачытаць прапагандыскія дзяржаўныя плякаты «За сільную і квітнеючую Беларусь».

Нагадаем, Гомельскі аблвыканкам у свой час абвесьціў конкурс на найлепшы тэкст Гімну вобласьці, і нават, як паведамлялася ў прэсе, атрымаў 98 прапановаў. Цікава, што грамадзтва ня мела магчымасьці зь імі азнаёміцца – бо апублікаванымі яны не былі.

Як вынік, пераможцам «конкурсу» стаў высокапастаўлены чыноўнік самога аблвыканкаму, за што і атрымае зараз круглую суму з мясцовага бюджэту. А жыхары Гомельскай вобласьці будуць змушаныя жыць з гімнам на «трасянцы».

Апошнія навіны