Курапацкіх вандалаў амніставалі
- 1.06.2009, 13:03
30 траўня амніставаныя двое мінчан, абвінавачаныя ў знішчэнні памятных крыжоў у Курапатах.
Аб гэтым паведаміў БелаПАН следчы Менскага РУУС маёр міліцыі Сяргей Булко.
Паводле ягоных слоў, паколькі знішчаныя памятныя крыжы не з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, крымінальная справа была перакваліфікаваная і 27 мая маладым людзям было прад'яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства), якая прадугледжвае арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў. Упершыню за многія гады следства прад'явіла абвінавачанне канкрэтным асобам, якія падазраюцца ва ўчыненні актаў вандалізму ў Курапатах.
Як зазначыў С.Булко, 30 траўня пракуратура Менскага раёна зацвердзіла яго пастанову аб амністыі абвінавачаных, якія далі згоду на такі зыход справы. Паводле іх слоў, гэтая мера была ўжытая ў адпаведнасці з нядаўнім законам аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо маладыя людзі ў час учынення злачынства былі непаўналетнімі, а артыкул, па якім яны абвінавачваліся, падпадаў пад палажэнні закона аб амністыі.
Нагадаем, 11 лістапада 2008 года Бараўлянскім аддзелам УУС Мінскага райвыканкама была распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 346 Крымінальнага кодэкса (зневажанне гісторыка-культурных каштоўнасцей) у дачыненні да двух непаўналетніх жыхароў Мінска, затрыманых увечары 1 лістапада 2008 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», якія падазраваліся ў знішчэнні памятных крыжоў.
11 студзеня 2009 года следчы Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС Алена Хільчук спыніла крымінальны пераслед падазроных, матывуючы сваё рашэнне тым, што доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці маладых людзей — навучэнцаў школы і прафтэхвучылішча.
У канцы студзеня намеснік пракурора Мінскага раёна Эрнэст Кайро прызнаў «незаконным і неабгрунтаваным» рашэнне Хільчук аб спыненні крымінальнага пераследу маладых людзей, а таксама аб прыпыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з-за таго, што не ўстаноўлена асоба, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанай. 29 студзеня крымінальная справа з указаннямі была накіраваная ў Мінскі РУУС для дадатковага папярэдняга расследавання. З 28 лютага справу вёў следчы С.Булко.
Цяпер па фактах вандалізму ў Курапатах расследуюцца яшчэ дзве крымінальных справы.