Андрэй Саннікаў: «Еўразвяз не павінен весці дыялог з Лукашэнкам без усялякіх умоваў»
- 1.06.2009, 16:34
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і незалежныя эксперты раскрытыкавалі «Еўрапейскую альтэрнатыву для Беларусі».
Даклад з такой назвай падрыхтавала працоўная група «Міжнароднага цэнтра за дэмакратычныя пераўтварэнні» – «група Кваснеўскага».
Некаторы час таму «група Кваснеўскага», у якую ўваходзяць, пераважна, былыя кіраўнікі дзяржаваў і знешнепалітычных ведамстваў, прааналізавала сітуацыю ў Беларусі і выступіла з прапановамі кантактаў з афіцыйным Менскам.
Апошняя дыскусія па «Еўрапейскай альтэрнатыве для Беларусі» адбылася ў Вільні 30 траўня. Дакумент, разам з чальцамі працоўнай групы «Міжнароднага цэнтра за дэмакратычныя пераўтварэнні», прэзэнтаваў яе кіраўнік - экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі. З беларускага боку ў дыскусіі прынялі ўдзел: лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, незалежныя палітолагі і эксперты.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі рэзка раскрытыкавалі даклад «групы Кваснеўскага». Па словах лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, даклад не ўлічвае беларускія рэаліі і неадэкватна ацэньвае апазіцыю.
«У сустрэчы ўдзельнічалі вельмі ўплывовыя ў Еўропе людзі. Акрамя экс-прэзідэнта Польшчы Аляксандра Кваснеўскага, у сустрэчы прыняў удзел кіраўнік Міжнароднага цэнтра дэмакратычных пераўтварэнняў Іштван Дз'ярмаці. «Група Кваснеўскага» падрыхтавала свой даклад на аснове той сітуацыі, якая існавала да ўключэння Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства», -- распавёў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. -- У дакладзе ўтрымліваюцца тыя аргументы, якія мы сустракаем да гэтага часу ў некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў - гэта надзея на тое, што рэжым Лукашэнкі можа наблізіць Беларусь да Еўропы. Але гэта цалкам няслушна. І апошнія дзеянні рэжыму, рэпрэсіі супраць апазіцыі, якія зрабіліся больш жорсткімі, яскравае таму сведчанне. Напярэдадні нашай сустрэчы прайшлі перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі і Расеі. І Лукашэнка прадэманстраваў, што збліжэнне з Еўропай яму неабходна толькі для таго, каб гандлявацца з Расеяй».
Прадстаўнікі «групы Кваснеўскага» планавалі абмеркаваць дакумент з беларускімі ўладамі. Аднак, як перадае «Радыё Свабода», афіцыйны Менск адмовіўся ад сустрэчы.
«Наколькі я ведаю, удзельнікі «групы» збіраліся сустрэцца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска і прапаноўвалі такую сустрэчу Лукашэнку, -- пацвердзіў Андрэй Саннікаў. -- Але ім было адмоўлена. Відаць, нават такія асцярожныя падыходы, якія мы бачым у дакладзе, не задавальняюць цяперашнія ўлады Беларусі».
Паводле словаў лідэра «Еўрапейскай Беларусі», Еўропа не павінна весці дыялог з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі без умоваў.
«Мы выступілі са сваімі крытычнымі заўвагамі, распавялі пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, -- заявіў Саннікаў. -- У дакладзе нас не задаволіла грэблівае адценне ў дачыненні да беларускай апазіцыі. Хаця, у ім усёткі казалася пра тое, што варта ўлічваць тыя ўмовы, у якіх апазіцыі даводзіцца працаваць - ва ўмовах дыктатарскага рэжыму. Нас не задаволіла тэндэнцыя апошняга часу, якая накіраваная на «выхаванне» Лукашэнкі. Сёння існуе «акно магчымасцяў», і яго неабходна выкарыстаць. Па выніках нашай дыскусіі будзе падрыхтаваная аналітычная запіска, а таксама пройдуць сустрэчы кіраўнікоў і ўдзельнікаў «групы» з кіраўніцтвам Еўразвяза. Можна казаць пра недахопы гэтага дакладу. Я спадзяюся, што «група Кваснеўскага» і Еўразвяз грунтоўна прааналізуюць свае спробы весці дыялог з Лукашэнкам без усялякіх умоваў».
30 траўня, па шляху ў Вільню на сустрэчу з «групай Кваснеўскага», Андрэй Саннікаў і Аляксандр Казулін былі затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы для стараннай праверкі дакументаў і асабістага дагляду багажу Казуліна. Памежнікі і мытнікі не змаглі растлумачыць прычынаў сваіх дзеянняў. У выніку, лідэраў апазіцыі пратрымалі на мяжы больш за гадзіну і потым адпусцілі. Гэта не першы выпадак, калі апазіцыянераў старанна даглядаюць на беларускай мяжы.
Лідэр грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў і экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі
Удзельнікі сустрэчы ў Вільні