«Дружбе» канец: Расея пачала будаўніцтва нафтаправода ў абыход
- 10.06.2009, 16:33
Расейская нафтавая кампанія «Транснафта» 10 чэрвеня прыступіла да ўзвядзення другой чаргі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы (БТС-2).
Чакаецца, што БТС-2 стане альтэрнатывай трубаправоду «Дружба», які транспартуе нафту ў Еўразвяз праз Беларусь і Польшчу, паведамляе Lenta.ru.
БТС-2 пройдзе ад Унечы ў Бранскай вобласці да Ўсць-Лугі у Ленінградскай вобласці з дадатковай галіной да Кірышскага нафтаперапрацоўчага заводу. Мяркуецца, што штогод па БТС-2 будзе перапампоўвацца да 50 мільёнаў тон нафты. Агульная працягласць нафтаправода складзе каля 1200 кіламетраў.
Завяршэнне будаўніцтва, якое будзе весціся ў два этапы, вызначанае на сярэдзіну 2012 года. Аб'ём інвестыцый «Транснафты» у праект у 2009 года складзе 46 мільярдаў рублёў, а агульны кошт праекту ацэньваецца ў 120-130 мільярдаў рублёў. Па словах расейскага віцэ-прэм'ера Ігара Сечына, «Транснафта» таксама атрымае кантрольны пакет акцый у нафтаперавалачным тэрмінале порта ва Ўсць-Лузе.
Першая чарга БТС была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 2001 годзе і прызначаная для перапампоўкі нафты з Цімана-Пячорскай і Заходне-Сібірскай нафтагазаносных правінцый, а таксама з Казахстана. Да цяперашняга моманту магутнасць БТС-1 складае каля 76 мільёнаў тон нафты.
Праект БТС-2 быў ухвалены ўрадам Расеі ў маі 2007 года. «Транснафта»прапанавала пабудаваць гэты нафтаправод у пачатку студзеня 2007 года, пасля рознагалоссяў паміж Расеяй і Беларуссю адносна паставак нафты, калі беларускі бок падвысіў транзітныя пошліны на сыравіну. У той жа перыяд Расея перакрыла нафтаправод «Дружба», але пазней пастаўкі па ім аднавіла.
«Транснафта», прыналежная дзяржаве на 78,1 адсотка, транспартуе 93 адсоткі нафты, якая здабываецца ў Расеі. Працягласць сеткі нафтаправодаў кампаніі дасягае 50 тысяч кіламетраў.