BE RU EN

Беларусы скардзяцца генеральнаму сакратару ААН на прававую сітуацыю ў Беларусі

  • 12.06.2009, 9:13

У міжнародныя структуры за падтрымкай у імкненні абараніць свае правы і правы сваіх блізкіх звярнуліся 170 грамадзянаў Беларусі.

Дакумент адрасаваны Генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну, Генсакратару Рады Еўропы Тэры Дэвісу, камісару ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы суседства Беніце Ферэра-Вальднер, а таксама дырэктару Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Янэзу Лянарчычу.

Зварот у міжнародныя арганізацыі грамадзяне матывуюць "кругавой парукай чыноўнікаў судоў і пракуратуры".

"У пачатку 2007 года, - кажацца ў звароце, - ўзнікла група жанчынаў, пацярпелых ад асабліва цяжкіх злачынстваў, не згодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх". Яны спрабавалі аспрэчыць рашэнні судоў па сваіх справах.

У звароце пералічаныя асноўныя дзеянні актывістаў групы ў абарону сваіх правоў і правоў сваіх блізкіх. "Аднак нягледзячы на ўсе высілкі, кіраўніцтва краіны нас не чуе, а перапіска з чыноўнікамі дайшла да абсурду - мы сталі атрымліваць абсалютна аднолькавыя адказы", - кажацца ў дакуменце.

Яго аўтары лічаць, што "судовая сістэма краіны знаходзіцца ў крызісе", паколькі "расце колькасць незаконных і неабгрунтаваных пастановаў судоў", судовыя памылкі занадта часта не выпраўляюцца вышэйшымі інстанцыямі, а грамадзяне на свае абгрунтаваныя скаргі атрымліваюць фармальныя адпіскі. Гэтым улады парушаюць правы грамадзянаў, прадугледжаныя арт. 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначаецца ў звароце.

Да ліста прыкладаюцца 77 копіяў адказаў на заявы грамадзянаў з Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У інтэрв'ю БелаПАН юрыст Тамара Сяргей адзначыла, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь улада ў краіне належыць народу, а рэальна - чыноўнікам, якія распараджаюцца дадзенай ім уладай як ім уздумаецца і парушаючы законы. Паводле яе словаў, з-за слабасці грамадзянскай супольнасці пакуль безвыніковыя ўсе спробы спыніць чынавенскую самаўпраўнасць. Вось чаму грамадзяне і звяртаюцца за падтрымкай да міжнароднай супольнасці, сказала юрыст.

Апошнія навіны