BE RU EN

Заява Шміта: пазіцыя АБСЕ ці асабістае меркаванне?

  • 12.06.2009, 10:27

Кіраўнік менскага офіса АБСЕ заявіў, што БДІПЧ не будзе разглядаць прапанаваныя дэмакратамі змены ў Выбарчы кодэкс.

Прэзідыўм Палітрады АДС прыняў рашэнне звярнуцца да кіраўніка АБСЕ Доры Бакаяні і дырэктара Бюро па дэмакратыі і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэша Лянарчыча з нагоды выказванняў кіраўніка менскага офіса АБСЕ Ханса-Ёхана Шміта.

Спадар Шміт падчас сустрэчы з сустаршынём АДС, старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам паведаміў, што эксперты БДІПЧ і Венецыянскай камісіі не будуць разглядаць праект зменаў і дадаткаў у Выбарчы кодэкс Беларусі, падрыхтаваны Аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі, а разгледзяць толькі прапановы ўлады.

АДС, як адзначыў Анатоль Лябедзька, хочуць даведацца, ці з'яўляецца заява сп. Шміта пазіцыяй АБСЕ ці гэта яго асабістая пазіцыя.

«Мы таксама прапануем дырэктару БДІПЧ правесці кансультацыі, каб высветліць, як сёння прасунулася пытанне па змене выбарчага заканадаўства, — сказаў Анатоль Лябедзька. — Мы канстатуем, што сітуацыя ненармальная: пішуць нейкія правілы, па якіх трэба будзе гуляць палітычным партыям, але самі партыі адсунутыя ад гэтага працэсу».

Апошнія навіны