Джон Маккейн: «ЗША павінныя супрацьстаяць расейскаму неаімперыялізму»
- 12.06.2009, 16:05
Такую заяву экс-кандыдат у прэзідэнты ЗША і сенатар зрабіў на канферэнцыі Цэнтральна- і Ўсходнееўрапейскай кааліцыі.
Кааліцыя аб'ядноўвае 18 арганізацый, якія адлюстроўваюць інтэрасы адпавядаючых дыяспар ЗША — 20 мільёнаў амерыканскіх грамадзян, чые карані ў краінах рэгіёна: Беларусі, Украіне, Арменіі, Латвіі, Літве, Эстоніі, Грузіі, Польшчы, Чэхіі і інш.
Як адзначаецца на сайце гэтай палітычна ўплывовай арганізацыі, Кааліцыя выяўляе занепакоенасць неаімперскімі амбіцыямі Масквы, якая пагражае былым краінам СССР і ўсходняга блока і зневажае іх, бо яны больш не хочуць знаходзіцца пад расейскім уплывам, перадае «Радыё Свабода».
Выступаючы на вашынгтонскай канферэнцыі, Джон Маккейн адзначыў, што наведаў усе краіны Цэнтральна- і Ўсходнееўрапейскага рэгіёна, за выключэннем Беларусі, бо Менск адмовіўся выдаць яму візу. «Аднак, — дадаў сенатар, — я спадзяюся выправіць гэтую сітуацыю ў наступным годзе».
Як заявіў амерыканскі палітык, ён мае вельмі цёплыя пачуцці да ўсіх гэтых маладых еўрапейскіх краін, а таму яго не могуць пакінуць абыякавым апошнія спробы Масквы аднавіць сферу свайго ўплыву ў рэгіёне.
Паводле Маккейна, дзеля таго каб аказваць ціск на сваіх бліжэйшых суседзяў, Масква выкарыстоўвае энергетычную зброю, правяла маштабную кібер-напад у Эстоніі, працягвае акупаваць частку Грузіі, захоўвае ваенную групоўку ў Прыднястроўе.
«Халодная вайна скончылася, савецкая імперыя знікла, вярнуцца ў мінулае немагчыма», а таму «дзяржавы рэгіёна здольныя прымаць рашэнні самастойна», — адзначыў Маккейн. Ён таксама падкрэсліў, што ўсходнееўрапейскія краіны ніколі не стануць «разменнай манетай» у адносінах ЗША і Расеі.
Як перакананы Маккейн, у Вашынгтоне разумеюць неабходнасць «перазагрузкі» адносінаў з Масквой. Аднак неабходнасць у новым фармаце адносінаў не можа закрываць вочы на тое, як Крэмль паводзіць сябе са сваімі суседзямі. «Мы павінныя адмовіцца ад ідэі ахвяраваць інтэрасамі суседніх з Расеяй незалежных дзяржаў, каб палепшыць адносіны з Масквой». Менавіта таму прэзідэнт ЗША Барак Абама павінен паведаміць усё гэта расейскаму кіраўніку Дзмітрыю Мядведзеву на расейска-амерыканскім саміце, які пройдзе сёлета ў ліпені ў Маскве.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі Цэнтральна- і Ўсходнееўрапейскай кааліцыі, Маккейн адзначыў: «Спробы палепшыць адносіны з рэжымамі, якія імкнуцца абмежаваць свабоду сваіх грамадзян… не павінныя адмяняць намаганняў ЗША адстойваць правы кожнага чалавека, дзе б ён ні быў, на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця».
Адказнасць за прасоўванне ў справе павагі гэтых каштоўнасцяў ляжыць перш за ўсё на вядучых дзяржавах свету, — заявіў Джон Маккейн.