BE RU EN

Барак Абама падоўжыў фінансавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

  • 13.06.2009, 14:46

Падоўжанае на год дзеянне ўказу аб арышце ў ЗША уласнасці «асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі».

Як адзначае прэс-служба Белага дома, Абама накіраваў адпаведнае апавяшчэнне, у тым ліку ў Кангрэс ЗША, у якім адзначыў наяўнасць «некаторых пазітыўных змен за мінулы год» у Беларусі.

У прыватнасці, ён звярнуў увагу на вызваленне ўсіх міжнародна прызнаных палітычных зняволеных. «Але нягледзячы на гэта, дзеянні і палітыка пэўных удзельнікаў урада і іншых людзей, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы, парушаюць правы чалавека і зацягнутыя ў дзяржаўную карупцыю, працягваюць прадстаўляць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспекі і міжнароднай палітыцы ЗША. Па гэтых прычынах я вырашыў, што неабходна падоўжыць дзеянне ўказу аб блакаванні ўласнасці», — цытуе БелаПАН дакумент.

Указ аб фінансавых санкцыях у адносінах дзесяці беларускіх чыноўнікаў быў падпісаны папярэднім прэзідэнтам Джорджам Бушам 16 чэрвеня 2006 года і з тых часоў падаўжаецца штогод.

Указ блакуе ўласнасць гэтых чыноўнікаў і іх права на ўласнасць у ЗША, рахункі і магчымасць фінансавых аперацый. Амерыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць дамовы з гэтымі службовымі асобамі.

Да ўказу прыкладаецца спіс з дзесяці прозвішчаў, у іх ліку — Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар Лукашэнка, намкіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, кіраўнік Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

У спіс таксама ўваходзяць асобы, якія на дадзены момант пазбавіліся сваіх пасад,— гэта былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

Апошнія навіны