Афіцыйнаму Менску могуць прад'явіць пазоў па газавых разліках
- 15.06.2009, 12:19
Чарговы «удар» па беларускіх уладах сёння нанесла амбасада Расеі ў Менску.
Расейскі бок можа прад'явіць Менску рэгрэсіўны пазоў у сувязі з разлікамі за газ у I квартале, лічыць дарадца па эканамічных пытаннях амбасады РФ у Беларусі Андрэй Кузняцоў.
«Тэарэтычна можа ўзнікнуць сітуацыя рэгрэсіўнага пазову з боку «Газпрама» да «Белстрансгазу» у сувязі з няпоўнай аплатай за газ у I квартале. Тэарэтычна такая пагроза ёсць, гэтае пытанне не знятае з парадку», - заявіў Кузняцоў агенцтву «Інтэрфакс».
Ён патлумачыў, што пазоў можа быць прад'яўлены расейскім бокам у выпадку, калі органы фінкантроля РФ прад'явяць прэтэнзіі да «Газпраму» з нагоды выручкі за пастаўлены ў Беларусь у I квартале прыродны газ. Суразмоўца нагадаў, што, у адпаведнасці з вуснай дамоўленасцю кіраўнікоў двух краінаў, Беларусь у I квартале 2009 года аплачвала газ з разліку сярэднегадовага кошту - каля $150 за 1 тыс.куб.м пры кантрактным кошце $210 на гэты перыяд.
У той жа час, «юрыдычна гэтыя дамоўленасці ніяк аформленыя не былі», - падкрэсліў Кузняцоў. «Ёсць кантракт і калі адзін з бакоў («Газпрам») не пайшоў на яго карэктоўку, дык гэта азначае, што ён не згодзен з гэтымі прапановамі. У гэтым выпадку другі бок («Белтрансгаз») не можа лічыць пытанне ўзгодненым», - адзначыў ён.
Кузняцоў таксама нагадаў, што «Газпрам», з мэтай кампенсацыі перавышэння фактычнага кошту I квартала ў параўнанні з сярэднегадавым, авансам заплаціў $250 млн за транзіт газу па тэрыторыі Беларусі. «Гэтых сродкаў было дастаткова, каб пакрыць перавышэнне кошту ў I і II кварталах адносна сярэднегадовага кошту», - лічыць ён.
На яго думку, «суб'екты гаспадарання павінны разабрацца з гэтай сітуацыяй. Тут няма ніякай палітыкі, але ёсць пытанне павагі заканадаўства адной і другой краіны».
Каментуючы верагоднасць прад'яўлення рэгрэсіўнага пазову, Кузняцоў адзначыў, што гэта «залежыць ад беларускага боку». «Я думаю, што лепш гэта (даразлікі за газ) зрабіць у адпаведнасці з кантрактам», - сказаў прадстаўнік амбасады.
Як паведамлялася, па звестках Белстата, Беларусь у I квартале 2009 года імпартавала 3454,2 млн куб.м прыроднага газу, што на 44,6% менш у параўнанні з I кварталам 2008 года. Сярэдні кошт імпарту газу ў I квартале 2009 года склаў $213 за 1 тыс.куб.м, што на 76,1% больш у параўнанні з I кварталам 2008 года.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заяўляў, што Беларусь у I квартале цалкам выканала свае абавязальніцтвы па аплаце газу зыходзячы з сярэднегадовага разліковага кошту - $150 за 1 тыс.куб.м.
Паводле яго словаў у II квартале, зыходзячы з формулы коштаўтварэння, кошт газу для Беларусі складае $147,2 за 1 тыс.куб.м, з 1 ліпеня кошт расейскага прыроднага газу для Беларусі будзе складаць $102- 103 за 1 тыс.куб.м.
Прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін 28 траўня на паседжанні «саюзнага» Саўміна ў Менску публічна пацвердзіў дамоўленасці аб аплаце Беларуссю газу па сярэднегадавым кошце.
У адпаведнасці з паліўна-энергетычным балансам «саюзнай дзяржавы» на 2009 год Беларусь павінна набыць 22,1 млрд. куб.м газу супраць фактычна пастаўленых 21,1 млрд куб.м у 2008 годзе.