BE RU EN

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр ужо тыдзень галадае ў магілёўскай калоніі

  • 15.06.2009, 12:42

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр працягвае галадаць у бальнічным аддзяленні выпраўленчай калоніі Магілёва, паведаміў адвакат Зміцер Гарачка, які 15 чэрвеня наведаў калонію.

Галадоўка доўжыцца з 8 чэрвеня. Такім чынам амерыканскі юрыст спрабуе прыцягнуць увагу да факту неабгрунтаванага зацягвання выдачы Менгарсудом даведкі, без якой адміністрацыя калоніі не можа разгледзець пытанне аб ужыванні да яго амністыі, нагадвае БелаПАН.

11 чэрвеня гарачка накіраваў у Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру Беларусі скаргі на дзеянні Менскага гарадскога суду. Рэакцыі на скаргу пакуль няма, паведаміў адвакат.

Па ягоных словах, Зэльцэр трапляе пад дзеянне закона аб амністыі, падпісанага прэзідэнтам Беларусі 5 мая. Паводле артыкула 22 гэтага закона арганізацыя мае права запытваць дакументы перад разглядам пытання аб магчымасці ўжыць амністыю. Пры гэтым запытаныя дакументы павінныя быць прадстаўленыя неадкладна. Аднак на працягу вось ужо трох тыдняў магілёўская калонія № 15, дзе ўтрымоўваецца Зэльцэр, не можа атрымаць дакумент з Менгарсуда.

На мінулым тыдні зняволенага наведаў супрацоўнік амбасады ЗША у Беларусі. Злучаныя Штаты Амерыкі па-ранейшаму патрабуюць неадкладнага вызвалення свайго грамадзяніна на гуманітарных падставах, заяўляюць у дыппрадстаўніцтве.

11 жніўня 2008 года Менскі гарсуд прысудзіў Зэльцэра да трох год пазбаўлення волі. Амерыканскі юрыст прызнаны вінаватым у выкарыстанні загадзя ілжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. З моманту прыбыцця ў магілёўскую калонію Зэльцэр знаходзіцца ў бальнічным аддзяленні ў сувязі з дрэнным станам здароўя.

Апошнія навіны