Расейскія чыноўнікі пакрыўдзіліся на беларускія дзяржСМІ і перарвалі перамовы
- 16.06.2009, 9:05
Расея бярэ тайм-аўт у перамовах з Беларуссю па пастаўках малочнай прадукцыі.
Пра гэта паведаміў у РИА «Новости» кіраўнік Расспажыўнагляда, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач РФ Генадзь Анішчанка.
«Публічныя каментары службовых асобаў Беларусі, якія мы атрымалі з прэсы гэтай краіны, а таксама каментары афіцыйных СМІ, напрыклад «Советской Белоруссии», далі мне ўсе падставы ўсумніцца ў тым, што дамоўленасці з дэлегацыяй з Менска, якая знаходзіцца ў Маскве, супадаюць з пазіцыяй службовых асобаў Беларусі. Каб не марнаваць іх час і наш, мы для ўдакладнення пазіцыяў бярэм тайм-аўт і, у залежнасці ад вынікаў іх (беларусаў) тлумачэнняў, вырашым, ці будзем працягваць гэтую працу ці не», - сказаў Анішчанка.
Ён не змог назваць магчымыя тэрміны аднаўлення перамоваў.
«Колькі гэты тайм-аўт працягнецца, сказаць не магу», - сказаў Анішчанка.
Кіраўнік Расспажыўнагляда лічыць вінаватым ў «малочным» канфлікце беларускі бок.
«Уся гэтая вось блытаніна, я лічу, адбылася па віне чыноўнікаў беларускіх ведамстваў, і перш за ўсё Дзяржстандарту Беларусі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць менавіта гэтая частка: прачытай уважліва закон і дай алгарытм дзеянняў сваім вытворцам, — заявіў Г.Анішчанка ў інтэрв'ю расейскаму тэлеканалу «Вести» 15 чэрвеня. — За гэтую блытаніну расплачваюцца канкрэтныя вытворцы. Яны плацяць сваёй капейкай — не дзяржава, не тыя чыноўнікі, якія ўсё напартачылі».
Паводле інфармацыі Г.Анішчанкі, беларускім вытворцам былі вядомыя новыя стандарты. «Але ўсе мы вышлі з савецкага мінулага. І, вядома ж, у Беларусі яны прыслухоўваюцца да сваіх кіраўнікоў. Таму ў нас паўстала гутарка з маім візаві, я кажу: той, хто плаціць, ён больш уважліва чытае дакумент і больш уважліва ставіцца да ўсіх тых патрабаванняў, якія ёсць. На самой справе ж нічога не каштавала прывезці гэтыя прадукты ў акрэдытаваныя лабараторыі, правесці даследаванні, атрымаць дазваленчую дакументацыю ў вызначаным парадку і спакойна рабіць», — лічыць кіраўнік Расспажыўнагляна.
Паводле яго словаў, фіны, якія ў Расею «таксама нямала малака завозяць», і прыбалты зрабілі ўсю дакументацыю ў адпаведнасці з новым тэхнічным рэгламентам. «А вось нашыя беларускія браты палічылі чамусьці, што можна яшчэ крышку пажыць у той логіцы, што законы — гэта адно, а жыццё — гэта іншае. Не, гэта адзінае, і вось гэта трэба запомніць. Таму што далейшыя рэгламенты пайдуць па мясе, па соках ужо набыў сілу. І калі будзе так працягвацца, ну, хто ж вінаваты ў гэтым?» — заявіў Г.Анішчанка.
Ён адзначыў, што ў федэральным законе ад 13 чэрвеня 2008 года «Тэхнічны рэгламент на малако і малочную прадукцыю» прапісаныя ўсё «санітарна-гігіенічныя патрабаванні да малочнай прадукцыі, малочна-кіслай прадукцыі». «Гэта, наагул, прынцыпова новы ўзровень працы ў Расеі. Праца цяжкая, праца аб'ёмная. І вось калі выйшаў год таму рэгламент, набыў сілу 19 снежня 2008 года і ўжо паўгады як дзейнічае, і калі мы праз паўгады кажам: ну нарэшце, ну апамятайцеся, ну што ж вы робіце, пачынайце выконваць расейскі закон, — і вось гэта выклікае такую бурную рэакцыю, ну вы мяне прабачце», — сказаў расейскі чыноўнік.