BE RU EN

Адміністрацыя Абамы чакае ад беларускага рэжыму «сапраўдных» палітычных рэформаў

  • 18.06.2009, 9:16

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША «будзе заахвочваць выходжанне рэжыму з ізаляцыі, а таксама павагу асноўных правоў і дэмакратычных імкненняў беларускага народа праз правядзенне сапраўдных палітычных і эканамічных рэформаў».

Аб гэтым заявіў у Вашынгтоне на слуханнях у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША на тэму ўмацавання трансатлантычнага альянсу памочнік дзяржсакратара ў справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан, паведамляе «Радыё Свабода».

«Праграма нашай дапамогі Беларусі дапаўняе гэтыя мэты», - падкрэсліў Гордан.

Філіп Гордан паўтарыў тэзіс свайго папярэдніка Дэніэля Фрыда, паводле якога Вашынгтон не прызнае асаблівай сферы ўплыву Расеі ў Еўропе і памежных дзяржавах. Гордан, у прыватнасці, заявіў: «ЗША не прызнаюць асаблівай сферы ўплыву Расеі ў Еўропе, а безумоўна прызнаюць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць суседніх з Расеяй дзяржаваў».

Як заявіў дарадчык Хілары Клінтан, урад ЗША «рашуча падтрымлівае права Ўкраіны і Грузіі дамагацца ўдзелу ў НАТА». Тым не менш, адзначыў Філіп Гордан, для ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс Грузія і Ўкраіна «павінныя рэалізаваць глыбокія рэформы».

Галоўным пунктам адносінаў з Расеяй у бліжэйшай перспектыве, паводле Філіпа Гордана, будзе недапушчэнне з'яўлення ў Іране ядзернай зброі. Ён адзначыў, што іранская ядзерная праблема знаходзіцца «уверсе спісу» прынцыпова важных для адміністрацыі Абамы пытанняў, якія яна спрабуе вырашыць разам з расейскім кіраўніцтвам.

Апошнія навіны