Анжаліку Борыс не пусцілі на сход праўладавага Саюза палякаў (Фота)
- 18.06.2009, 9:29
У сераду ў Гродна прадстаўнікі афіцыйнага Саюза палякаў Беларусі на чале з Іосіфам Лучнікам правялі сход у гарадскім доме культуры.
Мэта сходу - вызначыць дэлегатаў на з'езд, які павінен адбыцца ў верасні, паведамляе «Еўрарадыё».
Каля 100 сябраў незалежнага Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс таксама прыйшлі на з'езд, аднак іх не пусцілі. На ганку ўдзельнікаў сходу сустракаў духавы аркестр. Паколькі дзверы ў дом культуры былі зачыненыя, музыкі пасля выступлення былі вымушаныя аддаваць крэслы, на якіх сядзелі, праз акно.
Да актывістаў Саюза на вуліцы звярнулася Анжаліка Борыс. Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі Саюза палякаў Беларусі Мячыслаў Яскевіч раздаў бланкі для збору подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. У ім у чарговы раз выказваецца просьба дыялогу паміж уладамі і арганізацыяй, якая імі не прызнаецца.
Па словах прэс-сакратара СПБ Ігара Банцара, з боку міліцыі былі спробы затрыманняў, але ў выніку ніхто не быў затрыманы.