BE RU EN

Новая тэма канфлікту: Масква і Менск спрачаюцца аб легітымнасці пагадненняў аб КСАР

  • 18.06.2009, 11:06

МЗС Расеі называе легітымнымі дакументы, падпісаныя на апошнім саміце АДКБ.

«Што датычыцца меркавання нашых беларускіх калегаў аб статусе дакументаў, падпісаных на сесіі АДКБ, лічым іх легітымнымі», - сказаў на прэс- канферэнцыі ў чацвер у Маскве афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Андрэй Несцярэнка, перадае «Інтэрфакс».

«Што датычыцца рэалізацыі дасягнутых у Маскве дамоўленасцяў, перш за ўсё па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання (КСАР), якія падпісалі адпаведны дакумент дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ не маюць намеру яе адкладаць. Будзем запускаць прадугледжаныя нацыянальнымі заканадаўчымі механізмамі па ўступленні пагаднення КСАР у сілу і ажыццяўляць практычныя мерапрыемствы па іх стварэнні і функцыянаванні», - дадаў ён.

Па словах Несцярэнкі, МЗС Расеі разлічвае, што «паўза з прыняццем беларускімі партнёрамі на сябе ў парадку чарговасці старшынскіх функцый АДКБ не зацягнецца».

«Пакуль жа гэтыя функцыі будзе выконваць Расейская Федэрацыя», - сказаў ён.

А.Несцярэнка адзначыў, што расейскі бок зыходзіць з таго, што АДКБ з'яўляецца шматбаковым фарматам супрацоўніцтва, якія спецыялізуюцца на праблематыцы калектыўнай бяспекі, а не на ўрэгуляванні двухбаковых эканамічных спрэчак паміж уваходзячымі ў яе склад дзяржавамі.

«Дэмарш Менска відавочна дысанаваў з яго традыцыйна канструктыўным удзелам у дзейнасці АДКБ і, у прыватнасці, актыўным і пазітыўным укладам у падрыхтоўку разгледжаных на сесіі матэрыялаў, уключаючы ксараўскія», - сказаў А.Несцярэнка.

У сваю чаргу беларускі бок заявіў, што не даваў згоду на прыняцце рашэнняў на мерапрыемствах АДКБ і накіраваў адпаведную ноту ў сакратарыят гэтай арганізацыі.

Па меркаванні Менска, падпісанне дакументаў у межах АДКБ павіннае ажыццяўляцца на аснове кансенсусу, таму адсутнасць на саміце ў Маскве Беларусі стварае прававыя перашкоды для заключэння прадугледжаных дамоўленасцяў.

Нагадаем, што ў сувязі з «малочным» канфліктам Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 14 чэрвеня 2009 года ў Маскве.

Апошнія навіны