BE RU EN

За беларускую мову ў арміі Зміцеру Хведаруку пагражаюць крымінальнай справай

  • 18.06.2009, 11:10

Кіраўніцтва вайсковай часткі здзяйсняе ціск на моладзевага актывіста за тое, што ён аддае каманды на беларускай мове.

Вызначаная дата судовага паседжання па касацыйнай скарзе гвалтам забранага ў войска актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Хведарука. Хведарук падаў скаргу на незаконныя дзеянні прызыўной і медыцынскай камісій падчас прызыву.

Разгляд касацыйнай скаргі Зміцера Хведарука пачнецца 29 чэрвеня ў 15:00 у Менскім гарадскім судзе.

Як паведамляе сайт mfront.net, з'явіліся трывожныя паведамленні аб тым, што зміцеру Хведаруку пагражаюць новай крымінальнай справай.

17 чэрвеня Зміцер Хведарук патэлефанаваў актывісту «Маладога Фронту» Мікалаю Дземідзенку і паведаміў, што на яго здзяйсняецца моцны ціск.

«У апошні час да Зміцера значна пагоршылася стаўленне з боку кіраўніцтва часткі, пачалі здзяйсняць псіхалагічны ціск. Кіраўніцтва часткі пагражае яму крымінальнай справай за тое, што Хведарук аддае каманды на беларускай мове, а па статуце вайсковай часткі гэта нібыта забаронена. І, размаўляючы на роднай мове, Хведарук парушае статут», -- распавёў Мікалай Дземідзенка.

Нагадаем, што 28 студзеня 2009 года менскага актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Хведарука гвалтоўна завезлі ў ваенкамат, а пасля у турму на вуліцы Акрэсціна, нібыта для адбывання пакарання за ўдзел у леташняй акцыі 1 мая. Пазней стала вядома, што такой пастановы суду не было. Тым не менш, Хведарука 2 дні пратрымалі ў турме. Адтуль яго ў кайданках вазілі на медыцынскі агляд у менскую паліклініку №14. Медкамісія прызнала Зміцера Хведарука прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на аперацыю на вене, якая прайшла каля месяца таму, і шэраг хранічных захворванняў.

У кайданках актывіста «Маладога Фронту» адвезлі ў вайсковую частку ў Жодзіна – нягледзячы на тое, што Зміцер Хведарук з'яўляецца студэнтам дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, а таму мае права на адтэрміноўку ад службы ў войску. Падчас медыцынскага агляду ў яго не было пры сабе ні медыцынскай карткі, ні выпісу хвароб, ні нават дакументу, які сведчыць асобу.

Пасля гвалтоўнага прызыву Хведарук ужо некалькі разоў трапляў у лякарню, у яго знайшлі захворванні, з якімі нельга служыць у войску - але моладзевага актывіста зноў накіравалі ў вайсковую частку.

Апошнія навіны