Ферэра-Вальднер: Мы ў Еўразвязе даўно не носім ружовыя акуляры
- 22.06.2009, 10:44
Свой візіт у Менск камісар Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер распачала з сустрэчаў з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Раніцай 22 чэрвеня Беніта Ферэра-Вальднер сустрэлася з былым старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславам Шушкевічам, былым палітвязнем Аляксандрам Казуліным, старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, лідэрам Партыі камуністаў беларускай Сяргеем Калякіным, намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.
«У мяне ўзнікла адчуванне, што Беніта Ферэра-Вальднер мае больш глыбокае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы, вядома, можам гэта толькі вітаць. Было бачна, што камісар ЕЗ мае намер прыслухацца да ўсіх бакоў. Спадзяемся, што яе пазіцыя будзе спрыяць змене сітуацыі ў Беларусі. На сустрэчы мы заявілі пра тое, што ў краіне не адбываецца ніякіх істотных зменаў, па-ранейшаму адсутнічаюць свабода слова, свабода сходаў і асацыяцыяў, у турмах знаходзяцца палітвязні. На гэта Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што яна добра разумее, што без змены выбарчага заканадаўства ў Беларусі не будзе ніякіх пераменаў. Камісар таксама адзначыла, што будзе ўважліва сачыць за справамі палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі» , паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 пасля сустрэчы Станіслаў Шушкевіч.
Сёння ж зраніцы адбылася 30-хвілінная сустрэча Беніты Ферэра-Вальднер з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. У ёй удзельнічалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, грамадская актывістка Таццяна Пашывалава, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, кіраўнік лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі.
Жана Літвіна распавяла пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, якая, на яе думку, па-ранейшаму застаецца цяжкой. Алесь Бяляцкі паведаміў, што нават пасля пачатку так званай «лібералізацыі» у Беларусі не былі зарэгістраваныя дзве партыі і больш за 10 грамадскіх арганізацыяў, уключаючы праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле яго словаў, без змены законаў, датычных палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, нельга казаць пра мінімальную палітычную свабоду ў Беларусі.
Старшыня БХК Алег Гулак паведаміў пра тое, што супраць трох няўрадавых арганізацыяў, якія атрымлівалі дапамогу па праграме Еўразвяза ТАСIS, былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, і крымінальны пераслед да сённяшняга дня не спыніўся. Гулак таксама казаў пра справу Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Пытанне палітвязняў асабліва цікавіла Беніту Ферэра-Вальднер.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка на сустрэчы нагадаў спадарыні Ферэра-Вальднер, што лідэры прадпрымальнікаў Аўтуховіч і Лявонаў былі арыштаваныя за дзень да заканчэння тэрміна папярэдняга пакарання, за якое яны былі прызнаныя вязнямі сумлення. Беларускае тэлебачанне і міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў тады заявілі, што ў выніку ператрусаў у Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі была знойдзеная выбухоўка, і яны нібыта даюць прызнальныя паказанні, хаця палітвязні сваёй віны не прызнаюць да сённяшняга дня.
Зміцер Бандарэнка распавёў камісару ЕЗ пра тое, што ў Беларусі, нягледзячы на размовы пра сяброўствя з Еўразвязам, міліцыя знішчае еўрапейскую сімволіку. Падчас дэманстрацыяў апазіцыі АМАП ірве сцягі ЕЗ, міліцыянты ўрываюцца ў кватэры актывістаў і канфіскуюць еўрапейскія сцягі, налепкі, плакаты, брашуры з еўрапейскай сімволікай і інфармацыяй пра ЕЗ. Пры гэтым міліцыянты адмаўляюцца вяртаць гэтую сімволіку, заяўляючы, што яна знішчаная шляхам спалення.
Ферэра-Вальднер была шакаваная гэтай інфармацыяй. Камісар сказала, што напачатку дыялогу з беларускімі ўладамі Еўразвяз адзначаў пэўныя пазітыўныя змены ў Беларусі. У апошні час бачная стагнацыя і ніякіх рэальных крокаў па дэмакратызацыі ў Беларусі Еўразвяз не бачыць.
«Мы казалі пра тое, што Лукашэнку ад Еўразвяза патрэбныя толькі крэдыты, і лібералізацыя застаецца блефам. На гэта еўракамісар сказала, што «мы ў Еўразвязе ўжо даўно не носім ружовыя акуляры, мы рэальна ацэньваем сітуацыю ў вашай краіне». Беніта Ферэра-Вальднер сказала, што ведае, у якіх цяжкіх умовах прыходзіцца дзейнічаць актывістам грамадзянскай супольнасці, пры гэтым яна ўпэўненая, што змены ў Беларусі непазбежныя. Мы падзякавалі камісару ЕЗ за цвёрдасць у адстойванні правоў чалавека». – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка.