BE RU EN

«Белтрансгаз» адмовіўся выплачваць запазычанасць «Газпраму»

  • 22.06.2009, 11:31

ААТ «Белтрансгаз» заяўляе, што працягне аплачваць імпарт расейскага газу па сярэднегадавым кошце.

«Аплату газу «Белтрансгаз» будзе ажыццяўляць у тым рэжыме, які быў. Мы плацім, як плацілі. Запазычанасці перад «Газпрамам» у «Белтрансгаза» няма», - сказаў «Інтэрфаксу» прадстаўнік «Белтрансгаза».

«Большага дакумента, чым дамоўленасць на самім вышэйшым узроўні, на ўзроўні прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, не патрабуецца. Пра дамоўленасць, што Беларусь будзе плаціць па сярэднегадавым кошце, было публічна абвешчана прэзідэнтам Расеі, і гэта - праграма да дзеяння для ўсіх», - адзначыў прадстаўнік «Белтрансгаза», каментуючы агучаную супрацоўнікам амбасады РФ у Беларусі заяву пра наяўнасць прэтэнзіяў у «Газпрама» да «Белтрансгаза» на $230 млн.

Ён таксама падкрэсліў, што непасрэдна «Газпрам» не прад'яўляў публічных прэтэнзіяў да «Белтрансгаза» з нагоды аплаты за газ у студзені-красавіку. «Мне пра якія-небудзь афіцыйныя прэтэнзіі «Газпрама» нічога невядома», - дадаў суразмоўца.

Паводле яго словаў, «мы будзем плаціць $150 за 1 тыс.куб.м на працягу ўсяго года, як і дамаўляліся з расейскім бокам».

Ён таксама адзначыў, што ў III і IV кварталах намінальны кантрактны кошт газу будзе значна ніжэйшы за фактычную аплату, што кампенсуе сітуацыю I квартала, калі кантрактны кошт перавышаў сярэднегадавы.

Нагадаем, што дарадца па эканамічных пытаннях амбасады РФ у Беларусі Андрэй Кузняцоў заявіў 18 чэрвеня, што «Газпрам» накіраваў «Белтрансгазу» ліст з патрабаваннем неадкладна пагасіць запазычанасць на $230 млн, якая ёсьць розніцай паміж кантрактным коштам паставак газу ў студзені-красавіку і фактычнай аплатай па сярэднегадавым кошце. Паводле яго словаў, «Газпрам» мае намер таксама спагнаць пяню з гэтай запазычанасці і прад'явіць штраф за няпоўную выбарку газу ў гэты перыяд.

Апошнія навіны