BE RU EN

Хрыстас Пургурыдзес: У беларускім «парламенце» няма ніводнага апазіцыянера

  • 23.06.2009, 14:28

Падчас абмеркавання пытання пра вяртанне Беларусі статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ разгарэліся гарачыя дыскусіі.

Аўтар дакладу пра палітычныя знікненні ў Беларусі Хрыстас Пургурыдзес адзначыў, што беларускі «парламент» знаходзіцца пад поўным кантролем Аляксандра Лукашэнкі, у ім няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі.

Кажучы пра важнасць ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, Пургурыдзес падкрэсліў: «У Беларусі расстрэльваюць людзей, а сем'ям пакараных не выдаюць іх целы і не паведамляюць, дзе іх пахавалі».

Паводле яго словаў, «неабходна зрабіць яшчэ вельмі вялікую працу», перш чым надаць беларускаму «парламенту» статус спецыяльнага запрошанага.

«У Беларусі адбываецца шмат няправільнага. Надаючы статус, нам неабходна высунуць беларускім уладам пэўныя ўмовы», — перакананы Пургурыдзес.

Пры гэтым дэпутат адзначыў, што ў Беларусі сур'ёзныя праблемы з правамі чалавека, у прыватнасці ў турмах знаходзяць палітычныя вязні.

Спецдакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні, прадстаўляючы даклад па Беларусі, адзначыў, што вяртанне Беларусі статусу спецыяльна запрошанага – толькі першы крок. «Мы будзем далей крытыкаваць усе недахопы ў Беларусі. Будзем маніторыць сітуацыю ў Беларусі, наколькі ўсё ідзе ў патрэбным накірунку. Калі Беларусь пойдзе наперад, пойдзем наперад, калі не – вернем назад».

Дэпутат ПАРЕ Маціяш Эоршы (Альянс лібералаў) нагадаў, што з 1997 года, калі Беларусь мела статус спецыяльна запрошанага госця, з яе прадстаўнікамі вёўся дыялог, які ні да чаго не прывёў. Ён звярнуў увагу, што гаворка ідзе пра важны геапалітычны крок: Беларусь аддаляецца ад Расеі, і гэта лепшы момант вярнуць яе ў Еўропу.

Дэпутат Аляксей Лотман (Аб'яднаныя левыя) нагадаў пра тое, што ў Беларусі застаюцца палітвязні, і прапанаваў «спадзявацца на лепшае, але заставацца асцярожнымі».

Эгідыюс Варэйкіс (Народная партыя) заявіў, што галоўнае пытанне ў тым, ці палепшыцца сітуацыя ў Беларусі.

«Не проста Рада Еўропы змякчае свае патрабаванні, у той час як рэжым не выпраўляецца. Не Рада Еўропы ізалюе беларускія ўлады – яны самі самаізалююцца. Адносіны Рады Еўропы з беларускай грамадзянскай супольнасцю заўсёды былі вельмі добрымі, значыць, ніякай ізаляцыі беларускай супольнасці не было. Вяртанне Беларусі яе статусу ў ПАРЕ – нашае жаданне, але не наш абавязак. Надыйшоў час пераменаў. Можна вярнуць Беларусі статус ці зноў забраць яго, але сапраўдныя перамены павінны адбыцца ў Менску».

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ў цяперашні час упершыню ўзніклі новыя магчымасці для ўздзеяння на беларускі рэжым – у сувязі з эканамічным крызісам.

«Крызіс стварыў магчымасць для ўплыву на сітуацыю ў Беларусі. Нашая формула – дыялог і свабодныя выбары ў абмен на крэдыт і гандаль. Я не згодны з тэрмінам «ізаляцыя» - гэта была «самаізаляцыя».

Лябедзька нагадаў пра рэальную сітуацыю ў Беларусі:

«11 вязняў сумлення. Мікалай Аўтуховіч галадае ў турме 69 дзён, у турме галадае грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр. Як вы сябе будзеце адчуваць, калі яны памруць у турме? Усе пазітыўныя змены ў Беларусі залежаць ад настрою аднаго чалавека».

Анатоль Лябедзька ад імя АДС прапанаваў стварыць сумесную групу прадстаўнікоў улады і апазіцыі, і скласці дарожную карту ўступлення ў Раду Еўропы:

«ПАРЕ мы ўспрымаем як калектыўнага Вацлава Гавала і Андрэя Сахарава, жадаем вам заставацца такімі ж надалей», - адзначыў ён.

Нагадаем, што сёння прынятае рашэнне, што статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы будзе вернуты «парламенту» Беларусі на год толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны