BE RU EN

Зэльцэр прыпыніў галадоўку да 30 чэрвеня

  • 25.06.2009, 16:43

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр спадзяецца, што да гэтага часу суд і адміністрацыя калоніі высвятляць, у каго згубіліся ягоныя дакументы для амністыі.

Эмануіл Зэльцэр, які адбывае трохгадовы тэрмін зняволення ў калоніі, прыпыніў галадоўку да 30 чэрвеня.

Аб гэтым 25 чэрвеня пасля візіту ў калонію №15 Магілёва, дзе адбывае пакаранне амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, паведаміў адвакат Зміцер Гарачка.

Нагадаем, амерыканскі юрыст галадае ў магілёўскай калоніі з 8 чэрвеня ў знак пратэсту супраць дзеянняў Менскага гарсуда, які не прадастаўляе адміністрацыі калоніі дакументы, неабходныя для разгляду пытання аб амністыі.

Як паведаміў Зміцер Гарачка, калонія № 15 Магілёва накіравала запыт у Менскі гарадскі суд адносна дакументаў грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра яшчэ 7 мая. Запыт быў зарэгістраваны і мае сыходзячы нумар.

Гэтая інфармацыя аспрэчвае заяву старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валянціна Сукалы, які 25 чэрвеня паведаміў журналістам, што ў Менскім гарадскім судзе няма запыту па справе Зэльцэра.

Адвакат лічыць, што Зэльцэр трапляе пад закон аб амністыі, які ўступіў у сілу больш за месяц таму. 11 чэрвеня ён накіраваў у Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру скаргу з нагоды дзеянняў Менгарсуда.

Генпракуратура адказала адвакату, што дадзенае пытанне не ўваходзіць у яе кампетэнцыю, і перанакіравала скаргу Гарачкі ва ўпраўленне юстыцыі Менгарвыканкама.

Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратар Уладлена Функ былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі гарадскі суд прысудзіў Эмануіла Зэльцэра да трох год пазбаўлення волі за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. Ягоная сакратар - Уладлена Функ (Брускова) была прысуджаная да аднаго году пазбаўлення волі.

Усе судовыя працэсы па дадзенай справе праходзілі ў закрытым рэжыме.

ЗША патрабуюць неадкладнага вызвалення Эмануіла Зэльцэра на гуманітарных падставах, паколькі ў зняволенні стан ягонага здароўя сур'ёзна пагоршыўся.

Апошнія навіны