Валянцін Стэфановіч: Улады праводзяць сістэматычную дыскрымінацыю праваабаронцаў
- 3.06.2009, 17:22
З рэгістрацыяй ці без яе беларускія праваабаронцы не маюць намеру спыняць сваю дзейнасць.
Пра гэта 3 чэрвеня на прэс-канферэнцыі заявіў адзін з заснавальнікаў праваабарончага аб'яднання «Наша Вясна» Валянцін Стэфановіч, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго словаў, 25 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі ў трэці раз вынесла рашэнне пра тое, што праваабарончае грамадскае аб'яднанне «Наша Вясна» не можа быць зарэгістравана ў вызначаным законам парадку.
«Прэтэнзіі Мінюста да рэгістрацыі арганізацыі не засноўваюцца на заканадаўстве Беларусі. Напрыклад, сцвярджаецца, што ў спісе заснавальнікаў аб'яднання ўтрымліваюцца скажэнні і недастатковыя звесткі. Аднак Мінюст адмовіўся даць нам канкрэтную інфармацыю па парушэннях», — сказаў Стэфановіч.
Яшчэ адна прэтэнзія Мінюста да праваабарончага аб'яднання засноўваецца на тым, што нібыта другая частка назвы («Вясна») не адпавядае статуту і дзейнасці арганізацыі, і, па сутнасці, супадае з назвай ліквідаванага ў 2003 годзе грамадскага аб'яднання «Вясна-96».
Акрамя таго, Мінюст прад'явіў ініцыятарам стварэння аб'яднання прэтэнзіі адносна таго, што пра іх пішуць у інтэрнэце. «На падставе маніторынгу некалькіх сайтаў Мінюст вырашыў, што нашыя статутныя мэты і задачы не будуць выконвацца яшчэ незарэгістраваным грамадскім аб'яднаннем», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Існуючую практыку рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў Валянцін Стэфановіч назваў «абсурдам» і заявіў, што «Наша Вясна» будзе працаваць без рэгістрацыі.
«Беларускія ўлады не хочуць рэгістраваць яе з незаконных, на мой погляд, прычынаў. Мы расцэньваем гэта як сістэматычную дыскрымінацыю праваабаронцаў і будзем падаваць пазоў у Камітэт па правах чалавека ААН. Я выдатна ўсведамляю тое, што ў выніку гэтай заявы я падпадаю пад дзеянне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але я заяўляю, што з рэгістрацыяй ці без яе беларускія праваабаронцы не спыняць сваю дзейнасць», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Алесь Бяляцкі, фактычны кіраўнік аб'яднання «Наша Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ): «Калі я прачытаў гэтыя аргументы, у мяне ўзнікла жаданне сказаць тым, хто стаіць за чыноўнікамі Мінюста: хопіць строіць дурня».
Як распавёў прысутным юрыст і палітолаг Юры Чавусаў, «учора стала вядома, што «палата прадстаўнікоў» прыступіла да разгляду законапраекта аб унясенні дадаткаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў. Сярод іншага гэты законапраект накіраваны на спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, паведамілі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі».
«Пры азнаямленні з гэтым законапраектам магу даць такую ацэнку: гэта не ёсць спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі, а спрашчэнне працэдуры адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў», — адзначыў ён.